Алеся Кажадуба добра ведаюць у Беларусі і Расіі. Нарадзіўся на Берасцейшчыне, жыў на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. Школу закончыў у Навагрудку. Пасля заканчэння філфака БДУ настаўнічаў у Украйску, на Лагойшчыне.
Член двух творчых саюзаў — Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. Яшчэ задоўга да міленіўма ён пераехаў з Мінска ў Маскву. Закончыў Вышэйшыя Літаратурныя Курсы пры Маскоўскім Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага. У дадатак да пяці кніг на беларускай мове, выдадзены у Мінску ў XX стагоддзі, выпусціў у розных маскоўскіх выдавецтвах цэлы шэраг кніг прозы, і публіцыстыкі, адзначаных у выніку прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі. Дзве кнігі А. Кажадуба пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда».
І вось толькі што маскоўская «Роман-газета» выдала новы раман Алеся Кажадуба — «Мерцание золота». Уражлівы, шчыры аповяд пра пералом стагоддзяў, пра творчую, пісьменніцкаую грамаду ў гэтых абставінах. Піша Алесь Кажадуб шчыра, адкрыта, адлюстроўваючы свой погляд на грамадскія і палітычныя падзеі праз прызму будзённасці і паўсядзённасці. Сярод герояў пад рознымі персанажамі «схаваны» вядомыя пісьменнікі, грамадскія дзеячы — Расул Гамзатаў, Юрый Бондараў, іншыя расійскія і беларускія пісьменнікі.
Гэта не першае прадстаўленне беларусаў і беларускіх аўтараў на сучасным этапе развіцця аўтарытэтнай «Роман-газеты». Сярод пісьменнікаў, чые творы ў апошнія гады, былі змешчаны ў маскоўскім выданні, — Алесь Бадак, Алена Брава. Алена Папова, Алег Ждан і іншыя вядомыя сучасныя празаікі.
Мікола Берлеж