Top.Mail.Ru

У Мастоўскім раёне расце захапленне мастацтвам і рамяством

У горадзе сапраўднай творчай Меккай стаў раённы Цэнтр культуры. Тут працуюць аматарскія аб’яднанні, удзельнікі якіх займаюцца разнастайнай дэкаратыўна-прыкладной дзейнасцю. Шырокай папулярнасцю карыстаецца дзіцячая школа мастацтваў, дзе займаецца амаль паўтысячы навучэнцаў. Культурная ўстанова дапамагае кожнаму не толькі развіць творчыя здольнасці, але і найперш адкрыць іх.


«Майстры-чараўнікі»

Менавіта так называецца аматарскае аб’яднанне, дзе займаюцца спіральным пляценнем з травы. Гэта самы характэрны для раёна від прыкладнога мастацтва. Заняткі праводзіць майстар па травапляценні Вольга ВАЙТОВІЧ. Яна расказала, што гэта старажытнае беларускае рамяство. Раней такімі вырабамі шырока карысталіся ў сялянскім побыце. Сёння прадметы носяць прыкладны і дэкаратыўны характар. Пляценне вельмі прыгожае, вырабы экалагічныя. Траву Вольга збірае сама: чарот, рагоз і іншыя. Кажа, што сушыць у цёмным месцы, каб трава захавала колер. Апрацоўваць нічым не трэба. Найбольш цвёрдыя дэталі, напрыклад, дно вырабу, робяцца з лазовай стужкі. Карыстаюцца попытам кошыкі, падносы, сумачкі, цукерніцы.

Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Алена Садаўнічая праводзіць па экспазіцыі, дзе прадстаўлены работы мастоўскіх аматараў творчасці. Адным з папулярных кірункаў стала дэкаратыўнае мылаварэнне. Ім займаюцца Галіна Дзергачова, Марыя Свістуновіч, Святлана Балаева. 

Іх вырабы — сапраўдныя творы мастацтва, да таго ж маюць практычнае значэнне. Алена Аляхновіч афармляе карціны з пазлаў, таксама займаецца і травапляценнем. Таццяна Чарток захапляецца алмазнай вышыўкай. Наталля Хітрушка стварае прадметы з эпаксіднай смалы: мыльніцы, вазачкі, падстаўкі для тэлефона, шкатулкі. Ірына Фядзюк вышывае ручнікі. Загадчык — таксама натура творчая, займаецца выцінанкай, роспісам па дрэве. Па яе словах, цікавасць да творчасці расце. З кожным годам усё больш аматараў — рамеснікаў, якія ўдзельнічаюць у выстаўках, гарадскіх святах. Вабіць прадукцыя ручной работы і наведвальнікаў. Карыстаюцца попытам плеценыя і ткацкія вырабы, кераміка, драўляныя цацкі, вырабы з саломкі.

Ад творчасці да прафесіі

Для многіх школьнікаў важнай прыступкай для выбару прафесіі стала дзіцячая школа мастацтваў, што месціцца ў Цэнтры культуры. Па словах дырэктара адукацыйнай установы Алены Маскевіч, тут займаецца амаль 450 чалавек, з іх каля 100 — з аграгарадкоў. Профілі самыя розныя: і музычнае аддзяленне, і мастацкае, і харэаграфічнае, і харавое. 

Інструменты на любы густ: духавыя, смычковыя, струнныя, баян, акардэон. Апошнім часам папулярная харэаграфія, тут займаецца каля ста чалавек. Многія потым працягваюць удасканальваць сваё майстэрства на прафесійным узроўні. Запатрабавана мастацкае аддзяленне, вучні якога ў далейшым плануюць стаць архітэктарамі і прафесійнымі мастакамі. У школы шмат узнагарод за ўдзел у конкурсах, фестывалях. Каля 20 чалавек сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, 19 калектываў маюць званне народных і ўзорных. У іх ліку — хор «Эдэльвейс», аркестр народных інструментаў вучняў і настаўнікаў школы.

Каб прывабіць турыстаў

З гэтай мэтай у Цэнтры культуры год таму адкрыты турыстычна-інфармацыйны цэнтр. Тут можна атрымаць даведкі аб усіх славутасцях раёна, адрасы аграсядзіб, музеяў, замовіць паслугі экскурсавода для суправаджэння па турыстычным маршруце. Як расказала дырэктар цэнтра Вольга Хальцова,ключавы аб’ект — пешы мост праз Нёман. Менавіта адтуль турысты пачынаюць ехаць у розныя бакі. Многія цікавяцца этнаграфічным музеем у аграгарадку Гудзевічы, дзе нядаўна пачалі праводзіць тэкстыльны фестываль. Апошнім часам сталі папулярнымі сплавы на байдарках па Нёмане, а таксама веламаршрут па Ліпічанскай пушчы. Летась у аб’ектах аграэкатурызму і гасцініцы раёна пабывала да 6 тысяч турыстаў. Найбольш іх вабіць маляўнічая прырода. Таксама расце цікавасць да культавых помнікаў архітэктуры, якіх у раёне каля дзясятка.

У тэму

Загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасія Палуйчык:

— Цэнтр культуры можна назваць адным з самых запатрабаваных сацыяльных аб’ектаў горада і раёна. Тут ідзе вельмі бурлівае жыццё. Улады падтрымліваюць імкненне дзяцей і дарослых да творчасці. Так, у Цэнтры культуры ў рамках абласной інвестпраграмы прайшла рэканструкцыя, праведзена цеплавая мадэрнізацыя, капітальна адрамантаваны дах, пафарбаваны фасад. За кошт раённага бюджэту зроблена ўсё ўнутранае начынне. Аднавіліся фае, глядзельная і танцавальная залы, сцэна. Устаноўлены святлодыёдны экран, дзве кулісы, новае светлавое і гукавое абсталяванне, у тым ліку для работы на выязных пляцоўках. Эстэтычны выгляд набыла тэрыторыя вакол Цэнтра культуры

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю