Упэўнена ўмацоўвае статус спартыўнага цэнтра Беларусі Мазыр. Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Палессе-Арэна» адкрыў новыя гарызонты для правядзення спаборніцтваў самага высокага ўзроўню.
Тут размешчана сучасная спартыўная арэна вышэйшай катэгорыі, што дае магчымасць мазыранам прымаць спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню. Унікальнасць арэны не толькі ва ўніверсальнасці, але і ў архітэктуры: трыбуны на 400 месцаў з чатырох бакоў. У краіне падобныя пляцоўкі можна літаральна пералічыць па пальцах.
— З моманту адкрыцця «Палессе-Арэна» ўжо прыняла рэспубліканскі турнір па каратэ з удзелам больш як 500 спартсменаў, маштабнае спартыўнае шоу — «Фінал чатырох» Кубка Беларусі — 2025 па гандболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд, а таксама міжнародны турнір па міні-футболе сярод упраўленняў Следчага камітэта з удзелам каманд з Расійскай Федэрацыі. Уражанні ў гасцей засталіся самыя яркія. Яны адзначалі, што ўзровень арганізацыі не саступае сталічнаму, — падкрэслівае дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Палессе-Арэна» Аляксандр Шкоркін (на фота).
Новы цэнтр забяспечыў яшчэ большае развіццё масавага спорту на Мазыршчыне. Напрыклад, у рамках праекта «Спорт для ўсіх» на базе ўстановы займаюцца дзеці, якія не з’яўляюцца выхаванцамі СДЮШАР. Каманды горада ўжо прадстаўлялі раён на абласных і рэспубліканскіх этапах. Тут прайшло свята фізічнай культуры для ўсіх узростаў — маштабная спартакіяда (звыш 20 відаў спорту) сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцаў каледжаў і ВНУ, прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Мазырскага раёна.
Увогуле спартыўны аб’ект Мазыршчыны жыве вельмі насычаным жыццём: ад масавых мерапрыемстваў да трэніровак прафесіяналаў. У другім блоку цэнтра, які функцыянуе ўжо шэсць гадоў, трэніруюцца выхаванцы СДЮШАР «Жамчужына Палесся» па валейболе, займаюцца юныя футбалісты клуба «Славія-Мазыр».
— Усяго ў Мазыры дзейнічае пяць спартыўных школ. Адна з іх — найбуйнейшая ў Гомельскай вобласці — уключае восем аддзяленняў: гульнявыя віды спорту, лёгкую і цяжкую атлетыку, плаванне, адзінаборствы. Таму, безумоўна, адзін з прыярытэтных кірункаў нашага раёна — далейшае развіццё і ўмацаванне дзіцяча-юнацкага спорту.
У цэнтры «Палессе-Арэна» трэніруюцца вучні спартыўных класаў, юныя выхаванцы ДЮСШ, — звяртае ўвагу начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Галіна Касцяшкіна (на фота). — Задача профільных цэнтраў і школ — не толькі пошук і падрыхтоўка прафесіяналаў, але і стварэнне ўмоў для ўсіх тых, хто жадае займацца спортам. Таму залы запоўнены круглы год, а спартыўная база штогод удасканальваецца і мадэрнізуецца пры падтрымцы мясцовай улады, — падкрэслівае начальнік аддзела.
Дарэчы, у другім блоку ўстановы дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з саўнай і басейнам, трэнажорнай залай, фітнес-заламі, залай харэаграфіі. Праводзяцца заняткі з насельніцтвам па аквааэробіцы, фітнесе, шахматах, стрытболе. Трэнеры працуюць як з дзецьмі, так і з дарослымі. Аздараўленчы цэнтр актыўна супрацоўнічае і з прафсаюзнымі арганізацыямі працоўных калектываў. Дзякуючы гэтаму ў жыхароў Мазыра ёсць магчымасць атрымліваць якасныя паслугі ў сферы фізічнай культуры.
У «Палессе-Арэне» не забываюць і пра ветэранаў спорту. Былыя прафесійныя спартсмены, якія завяршылі кар’еру, знаходзяць тут магчымасць заставацца актыўнымі, працягваць трэніроўкі. Гэта не проста падтрымка фізічнай формы, а падаўжэнне маладосці і прыклад для моладзі.
У цэнтры кажуць, што яны не ставяць сабе адзнак — пра іх гавораць самі людзі, якія вяртаюцца ў «Палессе-Арэну» зноў і зноў. А гэта — найлепшая ўзнагарода за працу.
Фота Алены ДАЎЖАНОК