Top.Mail.Ru
198

У месяц падзейнага турызму ў Беларусі прайшло звыш 200 мерапрыемстваў

Як прайшоў месяц падзейнага турызму ў Беларусі, расказалі БелТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.



Месяцам падзейнага турызму быў аб'яўлены жнівень. Адбылося больш як 220 мерапрыемстваў, у якіх тым ці іншым чынам паўдзельнічалі 273 тысячы турыстаў. Праграма ўключала як маштабныя фестывалі і канцэрты, што дэманструюць багатую культурную спадчыну нашага народа, так і спартыўныя спаборніцтвы, пазнавальныя выставы. 

Так, 9 жніўня аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна ў 13-ы раз прымаў Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», прысвечаны мотальскаму вяселлю. Госці змаглі ўбачыць адноўлены вясельны абрад Палесся, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

У гэты ж дзень у вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна разгарнуліся "Спораўскія сенажаці», экалагічны фестываль, які збірае ўдзельнікаў і гасцей ужо 18 гадоў. Поручз майстар-класамі рамеснікаў, канцэртам і забаўкамі для дзяцей, галоўнай адметнасцю сталі спаборніцтвы па ручной касьбе і футболе на балоце, якія сабралі каманды з Беларусі і Расіі.

Гродзенская вобласць таксама адзначылася яркай падзеяй — «Іўеўскі памідор» сабраў тысячы гасцей. Свята, якое праводзіцца з 2017 года, пачалося з маляўнічага тэатралізаванага шэсця, а падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця былі закатаны слоікі з памідорамі пад сімвалічнымі назвамі. Кулінарным дасягненнем стаў гіганцкі памідорныя бутэрброд даўжынёй 8,5 м, на прыгатаванне якога ў мясцовых гаспадынь пайшло каля чатырох гадзін.

Шклоў запрасіў гасцей на «Дзень агурка», свята збору летняга ўраджаю, папулярнасць якога даўно выйшла за межы раёна. Госці змаглі даведацца пра гісторыю свята, яго традыцыі і асаблівасці, атрымаць асалоду ад касцюміраванага «Агурочнага параду», а таксама ацаніць крэатыўнае афармленне агурочных падворкаў і кулінарныя вынаходствы.

Аграгарадок Радамля ў Чавускім раёне, месца, дзе бярэ пачатак адно з паселішчаў радзімічаў, 9 жніўня прымаў XII этнічнае свята эпохі ранняга сярэднявечча «У госці да радзімічаў». Гасцей чакалі тэатралізаванае прадстаўленне, паказальныя баі рэканструктараў, канцэртныя праграмы, конкурс «Радзіміцкія забавы» і дзіцячы этнаквест. Завяршылася свята вогненным шоу і этна-дыскатэкай.

Гэтыя фестывалі, якія адлюстроўваюць унікальнасць кожнага рэгіёна, сталі неад’емнай часткай падзейнага турызму Беларусі, прыцягваючы ўвагу як мясцовых жыхароў, так і турыстаў з усяго свету.

«Цікавасць да падзей штогод расце. Пазітыўная тэндэнцыя сведчыць аб значным росце турыстычных патокаў, павелічэнні даходаў ад турызму і, як вынік, развіцці рэгіёнаў Беларусі», — расказалі ў Нацыянальным агенцтве.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю