Top.Mail.Ru

У Мінбудархітэктуры падкрэслілі рост забяспечанасці насельніцтва жыллём

Начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Васілючак расказала, колькі квадратных метраў жылля плануюць увесці ў эксплуатацыю ў Беларусі ў першым квартале.



У 2025 годзе будаўнічы комплекс спрацаваў вельмі эфектыўна, дасягнуўшы свайго рэкорднага значэння, звярнула ўвагу Таццяна Васілючак. «Хачу адзначыць, што 4 млн 573 тыс. кв. м уведзенага жылля — пікавы вынік за апошнія 10 гадоў. Выканалі заданні абсалютна ўсе рэгіёны па выніках мінулага года, і не менш амбіцыйныя задачы стаяць на 2026 год, тым больш што ўрадам прынята дзяржаўная праграма „Будаўніцтва жылля“ на 2026—2030 гады. У тым ліку ў нас у рамках штогадовай пастановы вызначаны паказчык па агульным уводзе жылля ў эксплуатацыю — гэта 4 млн кв. м. Гэта заданне дыферэнцыравана, даведзена да кожнага рэгіёна. Задачы пастаўлены, распрацаваны дырэктыўныя графікі будаўніцтва жылля і вядзецца вельмі інтэнсіўная работа ў гэтым кірунку», — расказала яна.

Заданне, як і раней, устаноўлена з нарастаючым вынікам, падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі. «У нас не менш як 15 працэнтаў на першы квартал, 35 працэнтаў — на паўгоддзе і 65 працэнтаў — на 9 месяцаў. Першы квартал паказвае ўжо, што будзе ўведзена ў эксплуатацыю каля 676 тыс. кв. м, а гэта больш як 16 працэнтаў. Значыць заданне, устаноўленае ўрадам, прадугледжваецца выканаць», — падкрэсліла яна.

Распрацаваная дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля» на 2026—2030 гады накіравана на задавальненне грамадзянамі патрэб у паляпшэнні жыллёвых умоў зыходзячы з іх фінансавых магчымасцяў і пераваг, растлумачыла Таццяна Васілючак. «Дзяржпраграмай на бліжэйшую пяцігодку прадугледжваецца ўстанаўленне зводнага мэтавага паказчыка „забяспечанасць насельніцтва жыллём“ (у разліку на аднаго жыхара да 2030 года не менш як 33 кв. м). Згодна з данымі статыстыкі, на 1 студзеня 2025 года гэты паказчык склаў 30,4 кв. м на чалавека. Ён выканальны з улікам той праграмы, мерапрыемстваў і прыярытэтаў, якія абазначаны. Канкрэтныя механізмы вызначаны ў дзяржпраграме», — растлумачыла яна.

Акрамя таго, за пяць гадоў плануецца пабудаваць не менш як 5 млн кв. м арэнднага жылля, зрабіла акцэнт начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі. «За гэты час плануецца пабудаваць не менш як 8 млн кв. м індывідуальнага жылля, а таксама прыкладна 1 млн 250 тыс. кв. м жылля па дзяржзаказе. Таксама плануецца далейшае развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва — не менш як 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму. Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці. У нас выдзелена каля 83 тыс. зямельных участкаў у цэлым па краіне ў разрэзе рэгіёнаў і амаль 40 тыс. з гэтых участкаў — незарэгістраваныя жылыя дамы. Ёсць работа рэгіёнаў у гэтым кірунку ў рамках дзеючага ўказа Прэзідэнта ад 7 лютага 2006 года, накіраванага на скарачэнне колькасці даўгабудаў», — рэзюмавала спікер.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю