Аб надзейным спосабе прыпаркаваць аўто ў сталіцы, перспектывах развіцця легкавога электратранспарту і метро расказаў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Кіраўнік горада звярнуў увагу на тое, як змянілася сітуацыя з колькасцю машын у Мінску: 40 гадоў таму ў дварах стаяла нашмат менш аўтамабіляў. Зараз у сталіцы зарэгістравана амаль 900 тыс. транспартных сродкаў, яшчэ каля 200 тыс. кожны дзень заязджае ў горад, і ім таксама неабходна дзесьці паркавацца.
— Гэта каласальная нагрузка. Рэсурс двароў па ўладкаванні парковачных месцаў не бясконцы, асабліва ў цэнтральнай частцы горада. Таму было прынята рашэнне аб уладкаванні на першых палосах вуліц платных парковак, — растлумачыў У. Кухараў.
Ён удакладніў, што паркоўкі ўздоўж вуліц працуюць у платным рэжыме, у большасці сваёй да 18:00.
— Многія кіроўцы пакідалі там грузавы транспарт цягам некалькіх дзён. Мясцовыя жыхары, прыязджаючы дадому з працы, былі вымушаныя шукаць парковачнае месца ў дварах, загрувашчваючы іх. Гэта няправільна. Пагадзінны платны рэжым парковак уздоўж вуліц у дзённы час стварае для такіх кіроўцаў грузавога транспарту нявыгадныя ўмовы. Так можна будзе ў пэўнай ступені разгрузіць двары, — растлумачыў старшыня Мінгарвыканкама.
Самы надзейны спосаб прыпаркаваць свой аўтамабіль — выкарыстоўваць магчымасці платных стаянак і паркінгаў. За кіроўцам замацоўваецца асобнае месца, што пазбаўляе ад неабходнасці кружыць па раёне ў пошуках вольнай прасторы.
Зарадзіўся — пракаціўся
Асобна кіраўнік горада расказаў пра перспектывы легкавога электратранспарту. У Мінску зараз налічваецца больш за 30 тыс. электрамабіляў. Па разліках, да канца 2030 года іх будзе звыш 100 тыс. Але ім патрэбна інфраструктура.
— Цяпер распрацоўваецца новая канцэпцыя развіцця сеткі электразарадных станцый. Практычна на кожным пасяджэнні Мінгарвыканкама выдаецца пяць-шэсць дазволаў на іх устаноўку. Таксама мы плануем устанавіць ЗЭС на тэрыторыі паркінгаў, — паведаміў У. Кухараў.
Больш метро — менш затораў на дарогах
Метрапалітэн дазваляе перавозіць за гадзіну дзясяткі тысяч людзей, будучы ізаляваным ад наземнай дарожнай абстаноўкі.
— Цяпер мы будуем трэцюю лінію метро ў напрамку пл. Бангалор. З’явяцца тры новыя станцыі. Разлічваем, што хуткасць перамяшчэння на падземным рэйкавым транспарце ацэняць па заслугах і кіроўцы легкавых аўтамабіляў з размешчаных побач раёнаў, — сказаў старшыня Мінгарвыканкама.
Паводле яго, цяпер у стадыі праектавання знаходзіцца чацвёртая лінія метро. Яна дазволіць ахапіць хуткаснымі зносінамі яшчэ больш мікрараёнаў. Акрамя таго, з’явяцца новыя вузлавыя станцыі ў месцах перасячэння з лініямі, якія ўжо дзейнічаюць.
— Асноўная задача — стварыць умовы, дзе не ўзнікала б патрэбы ў штодзённым перамяшчэнні па горадзе на аўтамабілі, — адзначыў кіраўнік горада.