Ключавыя правілы выплаты бальнічных нагадалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведаміла БелТА.
У міністэрстве расказалі, што мінімальны памер бальнічных залежыць ад памеру мінімальнай заработнай платы. Цяпер яе памер складае 858 рублёў. Выплата за поўны месяц непрацаздольнасці не можа быць меншай за гэту суму.
«Пры гэтым важны стаж работы. Калі тэрмін выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАЗН) складае больш за 10 гадоў, работнік атрымае 100% заробку з першага дня бальнічнага. Калі тэрмін выплаты ўзносаў у ФСАЗН меншы за 10 гадоў, то работнік мае права на выплату 80% заробку за ўвесь перыяд непрацаздольнасці», — падкрэслілі ў ведамстве.
У разлік уваходзяць усе выплаты за разліковы перыяд, з якіх выплачваліся страхавыя ўзносы ў ФСАЗН на сацстрахаванне, пры гэтым улічваюцца даходы ўсіх наймальнікаў (у тым ліку былых) у разліковым перыядзе.
Выплаты прызначаюцца толькі па асноўным месцы работы з улікам заробку ва ўсіх наймальнікаў. Калі ў чалавека няма асноўнага месца работы, то бальнічны выплачваецца толькі па адным месцы сумяшчальніцтва. Месца работы па сумяшчальніцтве, дзе будуць прызначаць выплату, выбірае сам работнік. Наймальнік улічыць даход з усіх месцаў работы, выкарыстоўваючы даныя ад ФСАЗН. Пры гэтым права на бальнічны ўзнікае толькі пры непрацаздольнасці па ўсіх месцах работы адначасова.
Калі работнік захварэў падчас водпуску, то водпуск падаўжаецца на дні хваробы або нявыкарыстаная частка водпуску пераносіцца на іншы ўзгоднены з наймальнікам тэрмін бягучага працоўнага года. Выбар застаецца за работнікам.
Калі чалавек захварэў перад пачаткам водпуску, то водпуск па яго жаданні можна перанесці на іншы час бягучага працоўнага года па ўзгадненні з наймальнікам.