Top.Mail.Ru

У Мінпрацы нагадалі пра новаўвядзенні ў прызначэнні дапамогі па доглядзе за інвалідамі I групы і пажылымі

Змены ў палажэнне аб парадку прызначэння і выплаты дапамогі па доглядзе за інвалідам I групы альбо асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, унесеныя пастановай урада ад 24 ліпеня 2026 года №375, паведамляе БелТА.

Так, бацькі-пенсіянеры і апекуны-пенсіянеры змогуць працягнуць атрымліваць дапамогу па доглядзе пасля таго, як іх дзіцяці-інваліду споўніцца 18 гадоў і яно атрымае статус інваліда з дзяцінства I групы. Гэта права распаўсюджваецца таксама на тых, хто атрымлівае дзяржаўную страхавую выплату з-за вытворчай траўмы, прафзахворвання або штомесячнае грашовае ўтрыманне.

Дакументам зменены падыходы да перыяду прызначэння дапамогі па доглядзе за інвалідам з дзяцінства I групы пры ўстанаўленні інваліднасці па дасягненні 18 гадоў. Цяпер прызначэнне дапамогі па доглядзе за інвалідам з дзяцінства I групы будзе праводзіцца не з даты падачы заявы, а з даты ўстанаўлення інваліднасці I групы ўпершыню пасля дасягнення дзіцем-інвалідам 18-гадовага ўзросту. Гэта дазволіць выплачваць дапамогу і за перыяд, у якім праводзіўся агляд. «Важная ўмова: заяву трэба падаць не пазней чым праз месяц з дня афармлення адпаведнага заключэння МРЭК. Калі гэты тэрмін не выкананы, дапамогу прызначаць на агульных падставах — з даты падачы заявы», — адзначылі ў Мінпрацы. Бацькам інвалідаў з дзяцінства новая норма дазволіць не застацца без дзяржпадтрымкі за час пераходу дзіцяці са статусу дзіцяці-інваліда да статусу інваліда з дзяцінства I групы.

Прадугледжваецца выплата дапамогі па доглядзе за перыяд знаходжання грамадзяніна, які мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, на стацыянарным лячэнні, але толькі ў выпадку ажыццяўлення атрымальнікам дапамогі догляду за ім у гэтай арганізацыі аховы здароўя. Факт ажыццяўлення дадатковага догляду пацвярджаецца выпіскай з медыцынскіх дакументаў, выдадзенай арганізацыяй аховы здароўя.

У міністэрстве звярнулі ўвагу, што выплату дапамогі можна часова прыпыніць без страты права на яе. «Калі трэба часова перапыніць ажыццяўленне догляду для вырашэння асабістых пытанняў да 14 дзён, выплату дапамогі не спыняць, а прыпыняць. А значыць, не прыйдзецца зноўку збіраць усе дакументы для новага прызначэння. Каб прыпыніць выплату дапамогі, трэба напісаць заяву аб перапынку ў доглядзе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (Упраўленне сацыяльнай абароны), якое выплачвае дапамогу, і ўзгадніць гэта з тым,  каго вы даглядаеце», — расказалі ў ведамстве.

Права на дапамогу атрымаюць асобы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, з ліку: тых, хто навучаецца на дзённай форме атрымання адукацыі, хто праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме. Да ўнясення змяненняў такім правам валодалі толькі грамадзяне, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў па месцы працы альбо ваеннай службы (службы).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю