Пасяўная кампанія — 2026 не за гарамі. Ход падрыхтоўкі да вясновых палявых работ абмеркавалі падчас нарады ў Мінскім аблвыканкаме ў аўторак, 24 лютага. У цэнтры ўвагі — тэхніка, якая выйдзе ў поле, запасы насення і ўгнаенняў, а галоўнае — людзі.
Як адзначыў губернатар Мінскай вобласці Аляксей КУШНАРЭНКА, усе арганізацыйныя, тэхнічныя і фінансавыя пытанні ў цэнтральным рэгіёне ўжо вырашаны.
— Мы ў поўным аб’ёме маем насенне, — заявіў кіраўнік вобласці. — Па мінеральных угнаеннях неабходна 201 тысяча тон дзеючага рэчыва. На сёння 60 % гэтай патрэбы ўжо знаходзіцца непасрэдна ў гаспадарках. Астатнія пастаўкі ідуць па зацверджаных графіках.
Сёлета ў Мінскай вобласці плануюць пасеяць яравыя збожжавыя культуры на плошчы 73 тысячы гектараў. Таксама 300 тысяч гектар зойме кукуруза на сілас і зерне, 38 тысяч гектараў — цукровыя буракі, 5300 гектараў — бульба.
— Для гэтага ў нас ёсць неабходная лінейка тэхнікі, — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка. — У тым ліку 1700 энерганасычаных трактароў, а таксама глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. Агульны працэнт гатоўнасці — 92 %. Пры гэтым ёсць усё неабходнае, уключаючы запасныя часткі, каб выйсці на стапрацэнтную лінейку гатоўнасці.
Акрамя таго, адпрацаваныя кадравыя пытанні. Усяго ў вясновых палявых работах будзе задзейнічана каля 6,7 тысячы механізатараў. У Мінскай вобласці ёсць усё неабходнае, каб у аптымальныя тэрміны правесці вясновыя палявыя работы.
Яна ВАЛАСАЧ