У Мінскай вобласці на летні перыяд вызначана 106 месцаў масавага адпачынку насельніцтва. Пра гэта расказала начальніца аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Алейнікава, паведамляе SB. by.
«У кожным раёне і горадзе Жодзіна рашэннем мясцовых выканаўчых органаў прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны мерапрыемствы, якія трэба было правесці для падрыхтоўкі месцаў адпачынку. Мерапрыемствы ўжо завершаны. Пляжы і месцы масавага адпачынку ў Мінскай вобласці гатовыя, толькі лета ніяк не прыходзіць, але будзем спадзявацца, што ўсё ж такі прыйдзе», — сказала Наталля Алейнікава.
Устаноўлена 1095 малых архітэктурных формаў, 270 інфармацыйных знакаў, 119 аўтамабільных парковак уладкавана, 912 кантэйнераў і урнаў для збору адходаў, 99 абсталяваных спартыўных пляцовак, 227 грамадскіх туалетаў, 27 веласіпедных стаянак і веласіпедных парковак. Таксама ўстаноўлена 459 мангалаў і вызначаны месцы, дзе можна іх паставіць.
«Нашы інспектары ў кожным раёне штотыдзень, калі месцаў масавага адпачынку шмат, а больш за ўсё іх у Вілейскім і Мядзельскім раёнах, выязджаюць і глядзяць, каб усе патрабаванні выконваліся. Па мінулым годзе, калі казаць пра тыя парушэнні, якія ўсталёўваюцца часцей за ўсё, гэта, вядома, стаянка аўтатранспартных сродкаў бліжэй за 30 м ад зрэзу вады і размяшчэнне адходаў», — звярнула ўвагу начальнік аддзела.