На iм дэлегаты абмеркавалi важнейшыя аспекты развiцця краiны i рэгiёна ў цэлым. Мэта такiх сустрэч — падрыхтоўка ўдзельнiкаў сходу, каб яны маглi максiмальна выканаць свае функцыi, пазначаныя ў Канстытуцыi, Законе «Аб Усебеларускiм народным сходзе», часовым рэгламенце: вызначэнне стратэгii развiцця грамадства i дзяржавы, непахiснасцi канстытуцыйнага ладу, пераемнасцi пакаленняў, грамадзянскай згоды.
Дэлегаты УНС не па чутках ведаюць аб праблемах рэгiёна i прапускаюць iх праз сябе, заявiў старшыня Мiнскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Усебеларускi народны сход як найвышэйшы орган народаўладдзя валодае шырокiм колам паўнамоцтваў, у тым лiку зацвярджае праграму сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны на пэўны тэрмiн. «Я ўпэўнены, што кожны з нас разумее, якая адказнасць кладзецца на вас. Iдзе апошнi год пяцiгодкi. На нашай сённяшняй сустрэчы мы падвядзём папярэднiя вынiкi работы, прааналiзуем, на што неабходна звярнуць першачарговую ўвагу, паглядзiм, як сярод iншых рэгiёнаў выглядае Мiнская вобласць», — звярнуўся губернатар да дэлегатаў.
Аляксей Кушнарэнка акцэнтаваў увагу на тым, што не чакае проста справаздач дакладчыкаў: «Кожны з нас працаваў на сваiм рабочым месцы i ўносiў свой уклад у развiццё краiны i вобласцi. Кожны з нас павiнен прааналiзаваць сваю работу».
Намеснiк Старшынi Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнiк кiраўнiка дзяржавы ў Мiнскай вобласцi Аляксандр Косiнец у размове з журналiстамi паведамiў, што дата пасяджэння Усебеларускага народнага сходу будзе пазначана кiраўнiком дзяржавы ў блiжэйшы час.
Падчас работы УНС будуць перш за ўсё разглядацца пытаннi з Паслання Прэзiдэнта беларускаму народу i парламенту, вынiкi рэалiзацыi Праграмы сацыяльна-эканамiчнага развiцця на 2021–2025 гады: «Не выключана, што мы падрыхтуем i зацвердзiм Праграму сацыяльна-эканамiчнага развiцця на 2026–2030 гады. Прэзiдэнтам пастаўлена складаная, але неабходная для выканання задача — мы павiнны да 2030 года стаць моцнай, квiтнеючай краiнай, забяспечыць развiццё эканомiкi, свой суверэнiтэт, незалежнасць, каб годна жылi нашы людзi. У канчатковым вынiку галоўная наша iдэалогiя: разам — за моцную i квiтнеючую Беларусь! Таму ўсе дэлегаты Усебеларускага народнага сходу актыўна ўключылiся ў сваю дзейнасць, i сёння мы можам сказаць, што УНС выконвае ўскладзеныя на яго народам функцыi».
Аляксандр Косiнец паведамiў, што дэлегаты пачалi iнтэнсiўную работу: «Прэзiдыум Усебеларускага народнага сходу зацвердзiў арганiзацыйную структуру, якая дазваляе па рэгiянальных, галiновых i прававых прынцыпах ажыццяўляць цеснае ўзаемадзеянне кiраўнiцтва УНС, розных органаў выканаўчай, заканадаўчай i судовай улады, рэгiёнаў, каб дабiцца добрых вынiкаў у частцы падрыхтоўкi да УНС i выконваць свае функцыi».
Да сходу яшчэ ёсць час, але дэлегаты ўжо адчуваюць усю адказнасць i значнасць будучага пасяджэння. Упершыню выбраны дэлегатам УНС намеснiк начальнiка аддзела аховы правапарадку i прафiлактыкi мiлiцыi грамадскай бяспекi РАУС Бярэзiнскага райвыканкама капiтан мiлiцыi Максiм Кашлачоў дзелiцца: «Удзельнiчаць у такiм маштабным i значным для дзяржавы i для нашага рэгiёна мерапрыемстве для мяне вельмi адказна i хвалююча, бо разглядаецца сацыяльна-эканамiчнае развiццё нашай краiны ў цэлым i нашага рэгiёна. Для моладзi вельмi шмат робiцца, асаблiва апошнiм часам: i рабочыя месцы забяспечваюцца, i жыллё будуецца. У Бярэзiнскiм раёне моладзi ёсць дзе працаваць i дзе адпачыць, усё на годным узроўнi развiваецца».
Усебеларускi народны сход — найважнейшая падзея ў жыццi краiны ў цэлым i для кожнага беларуса, лiчыць начальнiк механазборачнага цэха на заводзе «Аўтагiдраўзмацняльнiк», старшыня Барысаўскага раённага аддзялення партыi «Белая Русь», дэпутат Барысаўскага райсавета дэпутатаў Дзмiтрый Слонскi: «Мяркуючы па матэрыялах, якiя мы бачым, iдзе сур’ёзная падрыхтоўка да сходу. УНС стане важнай падзеяй у эканамiчнай, iдэалагiчнай, палiтычнай сферах. Спадзяюся, наша краiна, дзякуючы рашэнням УНС, будзе прагрэсiўна развiвацца i iсцi наперад».
Апошнi год адыходзячай пяцiгодкi — самы час ацанiць атрыманы вынiк, упэўнены намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Дзянiс КУРЛЕНКА: «Вынiкi нас, прынамсi, цяпер радуюць. Мiнская вобласць займае годнае месца ў краiне — валавы рэгiянальны прадукт складае амаль 19 % усяго ВУП. Чвэрць сельгаспрадукцыi, пятая частка прамысловай прадукцыi, чацвёртая частка iнвестыцый, трэцяя частка ўсяго жылля, якое будуецца ў Беларусi, трэцяя частка ўсяго экспарту краіны — усё гэта Мiнская вобласць».