Моладзь — наша будучыня. Пра гэта неаднаразова гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючы ўвагу на неабходнасць збалансаванага падыходу да яе падтрымкі. Кіраўнік дзяржавы заклікаў карыстацца якаснымі сістэмнымі падыходамі у рабоце з моладдзю, бо яна сёння ўяўляе сабой велізарны патэнцыял нашай краіны, яе працоўны, інтэлектуальны і творчы рэсурс. Рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сталіцы абмеркавалі 20 лістапада ў Мінскім гарвыканкаме.
Нягледзячы на тое, што маладзёжная палітыка ў нашай краіне выбудавана даволі эфектыўна, не варта забываць, што маладое пакаленне — найбольш падатлівая да знешняга ціску катэгорыя насельніцтва. Дзяўчат і хлопцаў лёгка ўцягнуць і ў канструктыўную, і ў дэструктыўную дзейнасць. Каб не дапусціць уплыву апошняй, варта дзейнічаць сістэмна. На гэта звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску Наталля КАЧАНАВА. «Для моладзі непрымальны фармалізм. Калі вы правялі мерапрыемства дзеля „птушачкі“, гэта выкліча ў яе абурэнне, — дадала спікер. — У краіне больш за 50 законаў рэгулююць маладзёжную палітыку. Мы выдатна разумеем, што будучыня за моладдзю. Нам варта быць з ёю побач. Калі мы не будзем займацца нашымі дзецьмі сёння, заўтра імі зоймуцца іншыя, з чужымі нам арыенцірамі і каштоўнасцямі».
У ходзе мерапрыемства абмяркоўвалі таксама ўцягнутасць моладзі ў дзейнасць грамадскіх арганізацый, пытанні працаўладкавання, замацавання маладых людзей на першых працоўных месцах. Асобную ўвагу ўдзялілі цяжкім падлеткам, з якімі неабходна актыўна працаваць, бо з такіх дзяцей нярэдка вырастаюць паспяховыя людзі. Варта своечасова браць іх на кантроль. І кіраўнік навучальнай установы, і работадаўца павінны бачыць кожнага маладога чалавека, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. А ўвогуле з маладымі людзьмі трэба працаваць на апярэджанне, не дапускаць, каб яны пераступалі закон.
Член Савета Рэспублікі, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ адзначыў, што з кожным годам павялічваецца колькасць маладых людзей, якія пражываюць у Мінску: «Гэта не толькі адміністрацыйны цэнтр Мінскай вобласці і Мінскага раёна, але і эканамічны, навукова-тэхнічны цэнтр, які вельмі прыцягвае моладзь. Сёння ў сталіцы пражывае 396 тысяч маладых людзей. Варта адзначыць, што яны ўдзельнічаюць у развіцці ініцыятыў, у тым ліку ў праекце „Мінская змена“. Сёлета ён быў унікальны: моладзь прадставіла канцэпцыю комплекснага развіцця Лошыцкай і Сляпянскай водных сістэм сталіцы. Акрамя таго, маладыя людзі ўдзельнічаюць ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі».
Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Аляксей ПІКУС расказаў, што ахоп моладзі, якая зацікаўлена ў рабоце пярвічных арганізацый, у дзейнасці праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, сёлета істотна ўзрос. «Што датычыцца валанцёрскага руху, 80 % членаў нашай арганізацыі гэтай дзейнасцю занятыя. У студатрадаўскім руху б’ём рэкорды: на 114 % перавысілі паказчыкі мінулага года. Праекты, якія накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, не страчваюць сваёй актуальнасці, імі цікавяцца многія прадстаўнікі моладзі сталіцы. Маладыя людзі настроены на працу, на тое, каб унесці свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё горада», — рэзюмаваў Аляксей Пікус.
Яна ВАЛАСАЧ