Падзенне на станцыйныя пуці ў метро можа адбыцца па розных прычынах — з-за няўважлівасці, пагаршэння самаадчування ці выпадковага штуршку. У такой сітуацыі галоўнае — дзейнічаць правільна. Алгарытм дзеянняў нагадалі ў прэс-службе ДП «Мінскі метрапалітэн», піша SB.by.
— Калі электрацягніка няма паблізу, то не трэба спрабаваць выбрацца на платформу самастойна. Трэба ісці ўздоўж сцяны ў бок электронных гадзіннікаў, спыніцца за чорна-белай рэйкай — гэта бяспечная зона. Далей трэба прыцягнуць увагу пасажыраў і работнікаў метрапалітэна.
Калі набліжаецца электрацягнік, варта легчы ў латок паміж рэйкамі тварам уніз, прыціснуць рукі ўздоўж цела, не рухацца і заставацца ў такім становішчы.
— Важна памятаць: уздоўж краю платформы праходзіць кантактная рэйка пад высокім напружаннем, — адзначылі спецыялісты. — Набліжацца да яе небяспечна для жыцця.
Відавочцам здарэння варта неадкладна паведаміць работнікам метрапалітэна, падаць машыністу сігнал «Стоп» (кругавы рух рукой) і не спрабаваць самастойна даставаць чалавека з пуцей.