Тут будуць вырабляць салёную і вэнджаную прадукцыю (халоднага і гарачага вэнджання), прэсервы з селядца, скумбрыі, чырвонай рыбы, ікру і ікорныя спрэды.
Як расказала дырэктар вытворчасці Людміла Няронская, вытворчая магутнасць прадпрыемства ў месяц складзе больш за 300 тон гатовай прадукцыі. Пакуль беларускі рынак не спажывае столькі. «Але наша задача — паказаць беларусам, што рыбны дзень не толькі чацвер, таму мы вельмі спадзяёмся, што яны па заслугах ацэняць нашу прадукцыю. Вядома, мы таксама нацэленыя на экспарт», — адзначыла дырэктар.
На заводзе будуць апрацоўваць у тым ліку далёкаўсходнюю сыравіну. «Напрыклад, тую ж чырвоную рыбу ва ўсіх яе праявах. Яе крыху не хапае сёння нашаму спажыўцу», — дадала Людміла Няронская.
«У нас няма пасрэднікаў у ланцужку ад вылаву да перапрацоўкі. Мы прама ад перапрацоўшчыка пакладзём на стол пакупніку гэты прадукт. Таму вельмі спадзяёмся, што наша цана прыемна здзівіць спажыўца», — сказала яна.
Завод створыць для горада каля 150 працоўных месцаў. «Акрамя таго, мы зацікаўлены ў новых тэхналогіях, таму будзем больш прыцягваць інжынерныя спецыяльнасці. Спадзяёмся на дадатковае навучанне ў спецыяльных навучальных установах. Больш за тое, мы ўжо сёння вядзём гэту работу, і студэнты кожную сераду прыходзяць да нас на прадпрыемства і рыхтуюцца ўліцца ў нашы шэрагі», — расказала Людміла Няронская.
Акрамя ўчасткаў вытворчасці, на заводзе ёсць і лабараторыя, пабудаваная па самых сучасных стандартах з перадавым абсталяваннем для кантролю якасці вырабленай прадукцыі.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падчас адкрыцця адзначыў, што гэта сапраўды значная для горада падзея: «Заўсёды прыемна, калі ў горадзе адкрываецца новае прадпрыемства, пабудаванае ў самыя кароткія тэрміны, якое будзе выпускаць запатрабаваную і патрэбную для жыхароў нашага горада і краіны ў цэлым прадукцыю».
Завод у Калядзічах не з’яўляецца адзінай вытворчай пляцоўкай кампаніі. У сталіцы ўжо працуе комплекс па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Соніч падзялілася, што для беларускага рынку вытворчасць цікавая ў першую чаргу засваеннем мораў у далёкаўсходнім рэгіёне. Да таго ж новы завод — гэта сапраўды сучаснае прадпрыемства, якое дапаможа даць беларусам цікавы асартымент па даступных цэнах.
Адна з прычын недастатковага спажывання беларусамі рыбы — цэнавы фактар. Таму Мінсельгасхарч працуе разам з Расійскай Федэрацыяй над павелічэннем асартыменту, якасці і даступнасці рыбнай прадукцыі.
Акрамя таго, па словах Наталлі Соніч, Беларусь нарошчвае свае вытворчыя магутнасці, каб мінімізаваць імпарт. У Магілёўскай вобласці адкрываюцца ўстаноўкі замкнёнага водазабеспячэння, дзе будзе павялічвацца фарэлевая гаспадарка. «Да 2030 года мы вырабім больш за 3 тысячы тон каштоўных відаў чырвонай рыбы», — дапоўніла яна.
Па выніках года ў краіне вырабяць звыш 14 тысяч тон рыбы, у асноўным карпавай галіны.
Яна ВАЛАСАЧ