Top.Mail.Ru

У Мінскім раёне спынена дзейнасць злачыннай групы, якая выкрадала зберажэнні грамадзян. Праваахоўнікі раскрылі падрабязнасці


Ім аддавалі і назапашаныя грошы, і крэдытныя

Начальнік крымінальнай міліцыі УУС Мінскай вобласці Сяргей ЯКУБЕЛЬ расказаў, што сёлета на тэрыторыі Мінскага раёна быў зафіксаваны рэзкі рост колькасці фактаў крадзяжоў грашовых сродкаў грамадзян з выкарыстаннем схем сацыяльнай інжынерыі.

Сутнасць схемы, аб якой ішла размова падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, заключалася ў тым, што ахвяры тэлефонных аферыстаў, знаходзячыся пад псіхалагічным ціскам, збіралі свае зберажэнні і бралі буйныя крэдыты, пасля чаго па ўказанні «куратараў» пакідалі грошы ў імправізаваных схованках.

— У якасці месцаў для арганізацыі гэтых закладак былі выкарыстаныя маланаселеныя вёскі, лясныя масівы паблізу, прыпыначныя пункты, дзе адсутнічае развітая структура відэаназірання, — расказаў Сяргей Якубель. — Грашовыя сродкі закопваліся ў зямлю і чакалі прыбыцця кур’ераў, якія ў самы сціслы час забіралі іх са схованак і пад суправаджэннем куратараў перадавалі наступным пасярэднікам.

Наступны этап злачыннай схемы — атрыманне наяўных грашовых сродкаў. Каб абмінуць усе магчымыя факты пераводу, якія можна візуальна ўстанавіць, выкарыстоўвалася ценявая схема: перадача грошай ад пасярэдніка да пасярэдніка. У выніку чаго яны пераводзіліся ў крыптавалюту і размяркоўваліся.

— Нашым упраўленнем была праведзена карпатлівая і шматузроўневая аналітычная работа. Прычым аналітыка будавалася не толькі на геаграфічным размяшчэнні прыпыначных пунктаў, месцаў магчымай арганізацыі закладак. Акрамя гэтага, аналізаваліся асобы, якія раней праходзілі па матэрыялах праверак, крымінальных справах. А таксама лічбавыя сляды, якія засталіся ў Інтэрнэце. Намі была ўстаноўлена злачынная група кур’ераў і іх куратараў, — расказаў Сяргей Якубель.


Грошы не пахнуць

Праваахоўнікам удалося ўстанавіць ключавога фігуранта, які акумуляваў і ўтрымліваў значныя аб’ёмы крыптавалюты, фактычна выконваючы функцыю ценявога банка злачыннай арганізацыі. Ён не проста канвертаваў сродкі, а кіраваў імі, назапашваў і размяркоўваў па ўказанні каардынатараў.

— Заведама крымінальнае паходжанне грошай толькі распальвала сквапнасць зламысніка, падаграваючы яго фінансавыя апетыты. Аперацыі ён ажыццяўляў прынцыпова ў абыход легальнай лічбавай інфраструктуры, адводзячы чужыя зберажэнні ў непразрысты сегмент крыптапляцовак. Махляр быў добра дасведчаны аб метадах работы праваахоўных органаў і спрабаваў максімальна ўскладніць іх дзейнасць, — падкрэсліў Сяргей Якубель. — Дарэчы, кожны ўдзельнік злачыннага ланцужка — пачынаючы ад кур’ера, які забіраў скрутак, да аператара крыптавалютных аперацый — усе асобы валодалі інфармацыяй, што грошы здабытыя злачынным шляхам. Пра няведанне сітуацыі гаворкі не ішло.

Не называйце код!

Начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Мінскай вобласці Павел СТРОК раскрыў падрабязнасці маштабнай спецаперацыі, падчас якой былі затрыманыя 19 фігурантаў.

Падчас вобыску па месцы жыхарства і іншых законных уладанняў затрыманых было канфіскавана ў эквіваленце парадку некалькіх сотняў тысяч долараў і іншых актываў. На адным з прыкладаў, дзе выкладчык адной з устаноў адукацыі краіны страціў каля 41 тысячы долараў пасля звычайнага званка ў месенджары, відаць, наколькі прадумана дзейнічалі зламыснікі.

— Злачынная схема пачалася з паведамлення ад ілжэсупрацоўніцы «Белпошты», якая заявіла пра не атрыманы мужчынам ліст з падатковай інспекцыі і ўдакладніла ў пацярпелага асабістыя звесткі, уключаючы код, які прыйшоў у паведамленні. З гэтага званка і пачала развівацца злачынная схема, — паведаміў Павел Строк.

Неўзабаве з грамадзянінам звязалася новая ўдзельніца падману, якая прадставілася супрацоўнікам міліцыі. Яна запалохала мужчыну, што з-за ўцечкі даных ад яго імя здзейснены перавод у адрас асобы, якая знаходзіцца ў вышуку, а сам ён цяпер падазраецца ў садзеянні экстрэмістам і дзяржаўнай здрадзе.
— Прыстрашыўшы вобыскам і канфіскацыяй незадэклараваных зберажэнняў, ашуканцы стварылі ілюзію бязвыхаднасці і пераканалі ахвяру тэрмінова абнуліць сямейныя рахункі, а таксама аформіць максімальныя крэдыты для «выратавання» фінансаў, — раскрыў падрабязнасці схемы праваахоўнік. — Да справы тут жа падключылася ліпавая супрацоўніца банка, якая пачала дэталёва каардынаваць дзеянні ўстрывожанага мужчыны.


Выконваючы інструкцыі куратараў, ён аформіў два крэдыты на сумы звыш 25 і 32 тысяч рублёў. Мужчына прыехаў з абласнога цэнтра ў сталіцу, перавёў крэдытныя грошы ў наяўныя, купіў на іх долары і пакінуў пакет на прыпынку ў Мачулішчах.

Праз тры дні яму зноў патэлефанавалі лжэсупрацоўнікі міліцыі. Па той жа схеме пацярпелы, узяўшы яшчэ дзве пазыкі на 25 тысяч рублёў, дадаў да іх асабістыя зберажэнні, грошы, якія адкладвала бабуля, і адвёз у Мінскі раён яшчэ звыш 13 тысяч долараў. На гэтым апетыты аферыстаў не згаслі: пад падставай недахопу «задэклараваных» сродкаў для пакрыцця выдуманай шкоды яны прымусілі мужчыну ўзяць пазыку ў знаёмага яшчэ 10 тысяч долараў, якія запалоханы грамадзянін закапаў у лісце пад дрэвам.

Спыніць канвеер падману дапамог выпадак. Накіроўваючыся на таксі на фінальную сустрэчу з нібыта «супрацоўнікам КДБ», пасажыр пачуў па радыё папярэджанне аб тым, што праваахоўнікі ніколі не тэлефануюць грамадзянам праз месенджары. Усвядоміўшы тое, што адбываецца, мужчына набраў нумар 102 і сапраўдныя міліцыянеры пацвердзілі факт цынічнага злачынства.

Нагадаем правілы бяспекі

Калі вам тэлефануюць з нагоды пасылкі, штрафу або ліста, ніколі і нікому не паведамляйце коды з SMS або месенджараў. Зламыснікі часта палохаюць грамадзян тым, што тыя нібыта «сталі ахвярай махляроў», пасля чаго патрабуюць працягнуць камунікацыю з прадстаўніком «Нацбанка», «КДБ», «КДК», «міліцыянерам» або «следчым» праз Telegram. Гэта адназначна падман, бо сапраўдныя супрацоўнікі праваахоўных органаў ніколі не выкарыстоўваюць месенджары для сувязі з грамадзянамі!

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю