«Часу на абкатку пілотных рашэнняў няма».
Міжнародная навуковая канферэнцыя «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця» прайшла ў Мінску, паведамляе БелТА.
У любой эканамічнай сістэме неабходна рабіць прагнозы: доўгатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і кароткатэрміновыя.
— У нас выбудавана сістэма прагназавання, распрацавана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2040 года.
Цяпер мы на стадыі распрацоўкі дакумента на пяць гадоў, а таксама штогод фарміруем прагнозы па дасягненні пастаўленых мэт. Пры падрыхтоўцы дакументаў мы будуем шматварыянтныя прагнозы, на падставе якіх прымаюцца рашэнні ў залежнасці ад сітуацыі. Мэтавыя арыенціры, закладзеныя ў гэтых праграмах, падтрымліваем мерамі для іх дасягнення, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец.
Пры фарміраванні прагнозных дакументаў ацэньваецца рост эканомікі ў свеце і ў асноўных краін-партнёраў, на якія арыентуецца Беларусь. Канкрэтныя значэнні будуць пазначаны і растлумачаны пасля зацвярджэння ўсіх дакументаў.
Асноўныя акцэнты для эканомікі цяпер — трансфармацыя ў новыя кірункі.
— У першую чаргу гэта лічбавізацыя эканомікі і ўсёй эканамічнай дзейнасці ў краіне. Гэта пераход на новыя тэхналагічныя ўклады на існуючых прадпрыемствах, укараненне рабатызацыі і беспілотных сістэм, а таксама фарміраванне новых кампетэнцый, якія ўжо пачынаюць з’яўляцца і развівацца. Напрыклад, біятэхналогіі, беспілотныя лятальныя апараты і беспілотныя сістэмы ў цэлым, — растлумачыў Іван Вежнавец.
Ён звярнуў увагу, што канферэнцыя праводзіцца НДЭІ Мінэканомікі ўжо 26-ы раз.
— Гэта падзея праходзіць штогод з 2000-га. У Беларусі праводзіцца дастаткова шмат навуковых канферэнцый. Для нашага інстытута яна важная як пляцоўка для абмеркавання задач дзяржаўнага кіравання, а таксама практычных пытанняў і механізмаў, — падкрэсліў першы намеснік міністра. — Сёння мы выбудоўваем новую архітэктуру кіравання сацыяльна-эканамічным развіццём. Гэты працэс ідзе дынамічна і досыць складана. Часу на разварушванне і абкатку пілотных рашэнняў няма. Мы павінны даваць практычныя адказы тут і зараз, без доўгіх паглыбленняў у тэорыю.
Канферэнцыя таксама выступае як пляцоўка для сумеснага мазгавога штурму прадстаўнікоў навуковай супольнасці, бізнесу і органаў дзяржаўнага кіравання.
— Кожная прапанова мае шанц быць пачутай, прайсці экспертнае абмеркаванне і легчы ў аснову рашэнняў у сферы дзяржаўнага рэгулявання і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прысутнасць і актыўная ўцягнутасць калег з іншых краін шматразова пашыраюць аб’ём экспертызы, што павышае каштоўнасць рэкамендацый, якія рыхтуе форум, — сказаў Іван Вежнавец.
Прагнозныя ўмовы, у якіх фарміруюцца контуры і практычнае напаўненне наступнай пяцігодкі, кардынальна адрозніваюцца ад папярэдніх.
— Патрэбна канцэнтрацыя рэсурсаў, якая дазволіць выйсці на новы віток развіцця эканомікі з новымі тэхналогіямі і пунктамі росту, — падсумаваў першы намеснік міністра эканомікі.