Top.Mail.Ru

У Мінску абмеркавалі развіццё жаночага прадпрымальніцтва і сталічнага бізнесу ўвогуле

Жаночы твар бізнесу


У пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва Цэнтральнага раёна г. Мінска, прысвечаным актуальным пытанням падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу і развіццю жаночага прадпрымальніцтва, прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі раёна, фінансавых інстытутаў і дзеючыя прадпрымальнікі.

Кожны трэці прадпрымальнік — жанчына

Жаночае прадпрымальніцтва даўно перастала быць нечым незвычайным, ператварыўшыся ва ўстойлівы сусветны трэнд. У Беларусі ён стаў адным з ключавых пунктаў росту ўсяго сегмента малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, адзначыла начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Ганна Сахарава. Дастаткова сказаць, што сёння кожны трэці прадпрымальнік у краіне — жанчына. І гэта не проста лічба, а маркер глыбокіх сацыяльна-эканамічных змен. 

Па словах начальніка аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама, доля жаночага прадпрымальніцтва ў Беларусі складае больш за 30 працэнтаў. Сярэдні ўзрост жанчыны-прадпрымальніцы — 41 год, і амаль кожная трэцяя ў Мінску ажыццяўляе сваю дзейнасць ва ўзросце 30-39 гадоў. З іх 63 працэнты знаходзяцца ў шлюбе і маюць дваіх і больш дзяцей: «Згодна з рознымі даследаваннямі, 45 працэнтаў жанчын-інвестараў схільныя ўкладваць свае сродкі ў тое, каб зрабіць свет лепшым. Гэта амаль удвая больш, чым мужчын», — адзначыла Ганна Сахарава.

У 2026 годзе, які аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, падтрымка бізнесу прыгожай паловы чалавецтва выходзіць на ўзровень дзяржаўнага прыярытэту. «У Беларусі створаны ўсе ўмовы для развіцця, у тым ліку і жаночага прадпрымальніцтва, — падкрэсліла Ганна Сахарава. — Аднак заканадаўства не падзяляе падтрымку на мужчынскае і жаночае прадпрымальніцтва. Сёння жанчыны нароўні з мужчынамі развіваюць свой бізнес, і іх колькасць у дзелавым асяроддзі ўвесь час расце». 

Дарэчы, у канцы мінулага года ў Беларусі была прынята дзяржаўная праграма «Устойлівае прадпрымальніцтва» на 2026—2030 гады. У яе межах прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, якія будуць накіраваны на падтрымку ў тым ліку і жаночага прадпрымальніцтва як важнага сегмента малога і сярэдняга бізнесу.

Эканоміка — аснова нашага жыцця

Пытанні падтрымкі бізнесу і развіцця яго ў прынцыпе — адзін з важных сегментаў нашай эканомікі, крыніца працоўных месцаў і інавацый, адзначыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Юрый Чэчэт. Паводле яго слоў, ва ўмовах дынамічных змяненняў і знешніх выклікаў менавіта малы і сярэдні бізнес адыгрывае ключавую ролю ва ўмацаванні эканамічнага патэнцыялу сталіцы. 

У сваю чаргу, Савет па развіцці прадпрымальніцтва з’яўляецца пастаянна дзеючай пляцоўкай для дыялога бізнесу і ўлады. Яго мэта — выпрацоўка сістэмных рашэнняў, накіраваных на стымуляванне інвестыцый, паляпшэнне дзелавога клімату і доўгатэрміновае развіццё эканомікі. «Упэўнены, наша сумесная работа дасць магчымасць выпрацаваць эфектыўныя рашэнні і ініцыятывы, якія падтрымаюць прадпрымальнікаў і створаць спрыяльнае асяроддзе для іх развіцця, паколькі эканоміка — аснова нашага жыцця», — адзначыў Юрый Чэчэт. 

Па яго словах, на сённяшні дзень Мінск стварае амаль 32 працэнты валавага ўнутранага прадукту. Такі высокі паказчык абумоўлены, перш за ўсё, эфектыўным развіццём бізнесу ў сталіцы. Па асобных кірунках, у шэрагу відаў дзейнасці Мінск займае лідзіруючыя, а ў некаторых выпадках і дамінуючыя пазіцыі. Менавіта таму развіццё прыватнага бізнесу адыгрывае тут вызначальную ролю.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю