Top.Mail.Ru

У Мінску абясшкодзілі буйную сетку махлярскіх кол-цэнтраў

Больш за тысячу пацярпелых, два мільёны долараў штомесяц

Работа па спыненні дзейнасці махлярскіх кол-цэнтраў у сталіцы вялася з 2024 года, і яна дала свой плён: на мінулым тыдні супрацоўнікі ГУБАЗіК і байцы спецпадраздзяленняў МУС адначасова спрацавалі па шматлікіх адрасах.

Было выяўлена, што ў сталіцы дзейнічалі два махлярскія кол-цэнтры, аб’яднаныя агульным дыстанцыйным кіраўніцтвам. Злачынная структура ўключала сем аддзелаў, якія спецыялізаваліся на розных спосабах крадзяжу грошай, у тым ліку пад выглядам інвестыцыйнай дзейнасці, — ужо атрыманы звесткі аб больш як 1000 пацярпелых грамадзян Беларусі. Па папярэдніх даных, штомесячны абарот аднаго з кол-цэнтраў складаў ад 600 тысяч да 2 мільёнаў долараў.

Як расказаў начальнік 5-га ўпраўлення (па г. Мінску) ГУБАЗіК МУС Сяргей Новік, выкрытая злачынная арганізацыя здзіўляе не толькі колькасцю ўцягнутых асоб, але і ўзроўнем карпаратыўнай структуры: «У штат уваходзілі „абзвоншчыкі“ пярвічнага аддзела продажаў, супрацоўнікі аддзела ўтрымання кліентаў, спецыялісты тэхнічнай і фінансавай падтрымкі, бізнес-трэнеры, HR-рэкрутары, паліграфолагі і ахова», — адзначыў Сяргей Новік. Дарэчы, асабліва цікавіла махляроў пры праверцы кандыдатаў на паліграфе, ці маюць яны дачыненне да праваахоўных органаў.

У мэтах канспірацыі ва ўсіх офісах функцыянавала сістэма экстранага рэагавання. Пры націску трывожнай кнопкі адбывалася імгненнае адключэнне камп’ютарнага абсталявання і блакіроўка доступу да ўнутраных інфармацыйных рэсурсаў. Махляры меркавалі, што такія меры дазволяць ім аператыўна знішчыць сляды злачынстваў у выпадку выяўлення іх аператыўнікамі. Тым не менш неабходныя доказы былі ўсё ж такі сабраны.

Крымінальная схема, якая праіснавала пяць гадоў, грунтавалася на імітацыі легальнай інвестыцыйнай дзейнасці. Пад прыкрыццём гандлю на рынках удзельнікі арганізаванай групы выкрадалі зберажэнні беларусаў, выкарыстоўваючы для прыцягнення кліентаў цэлы арсенал лічбавых метадаў. Было ўстаноўлена, што агульная колькасць падкантрольных злачынцам рэсурсаў перавысіла 800, а сума першапачатковага дэпазіту для іх ахвяр складала 500 долараў.

Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта Сяргей Гамко, падчас 78 вобыскаў, праведзеных па розных адрасах сталіцы, аператыўнікі канфіскавалі вялікі аб’ём доказаў: камп’ютарную і мабільную тэхніку, фінансавую дакументацыю, электронныя носьбіты інфармацыі. Акрамя таго, было знойдзена і канфіскавана больш за 790 тысяч беларускіх рублёў.

«Для ўтойвання злачыннай схемы і надання ёй бачнасці законнай у Беларусі былі зарэгістраваныя тры суб’екты гаспадарання. Іх відамі дзейнасці з’яўляліся стварэнне рэкламы, аказанне ІT-паслуг, дзейнасць тэлефонных даведачна-інфармацыйных службаў, — падкрэсліў Сяргей Гамко. — Па крымінальнай справе цяпер створана следчая група, у склад якой увайшлі 135 супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Следчага камітэта і ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску». 55 кіраўнікоў і найбольш актыўных удзельнікаў арганізаванай групы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю