Top.Mail.Ru

У Мінску адбыўся прэм’ерны паказ анімацыйнага фільма «Правільныя правілы»

У Мінску ў кінатэатры «Піянер» адбыўся прэм’ерны паказ анімацыйнага фільма «Правільныя правілы» пры ўдзеле здымачнай групы, перадае БелТА.

«Правільныя правілы» — анімацыйны міні-серыял, які складаецца з 20 кароткаметражных эпізодаў. У цэнтры гісторыі — вясёлая сям’я: тата, мама, двое дзяцей і іх дамашні гадаванец — рыжы кот. Героі трапляюць у розныя забаўныя сітуацыі, з якіх кожны раз выносяць важныя жыццёвыя ўрокі.

«Выдатны праект, на мой погляд, — адзначыла рэжысёр Наталля Касцючэнка. — Ён не проста забаўляльны (бегалкі, стралялкі і даганялкі) — ён вельмі карысны. Ён дае дзецям неабходныя базавыя веды паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Фільм складаецца з невялікіх ролікаў працягласцю каля трох мінут. У кожным роліку разглядаецца асобная тэма, напрыклад, як паводзіць сябе ў ліфце, у лесе, пры пажары, у Новы год, на вуліцы. Над персанажамі міні-серыяла працавалі цудоўныя мастакі і рэжысёры, аніматары».

Фільм у даступнай і займальнай форме расказвае дзецям аб правілах паводзін дома, на вуліцы, у школе і ў грамадстве. Кожная серыя — гэта кароткая павучальная гісторыя аб тым, як правільна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, як быць ветлівым, адказным і ўважлівым да навакольных.

Праект арыентаваны на самых маленькіх гледачоў і іх бацькоў. «Каб дзіцячая аўдыторыя ўспрыняла фільм, ён павінен быць прыгожым, — падзялілася аніматар, студэнтка 3-га курса спецыяльнасці „рэжысура анімацыйнага кіно“ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аліса Лісок. — Гэта значыць, што персанажам неабходна рухацца пластычна, рэалістычна, дзеці павінны верыць у іх рухі, для гэтага важна фізіка. Над гэтым карпеем мы. Наша задача — разыграць сцэну, прыдумаць, як персанаж будзе дзейнічаць у фільме, як ён будзе рэагаваць на розныя сітуацыі, якая ў яго будзе міміка, жэсты, вялікія рухі — бег, паходка. Усім гэтым займаемся мы».

Кампазітар Леанід Шырын падкрэсліў, што ў праекта добрая каманда. «Працаваць было вельмі цікава. Работа для дзяцей мае сваю спецыфіку, трэба мець пэўны вопыт, я рады, што ўсё атрымалася», — дадаў ён.

Фільм выходзіць у шырокі пракат з 19 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю