З нагоды 90-годдзя майстра кіно
Кінарэжысёр, сцэнарыст, педагог, грамадскі дзеяч, сапраўдны мужчына і вялікі патрыёт Беларусі — гэтыя характарыстыкі гучалі ў суботу неаднойчы. У кінатэатры «Масква» аддавалі даніну павагі вялікаму майстру і вялікаму чалавеку — Віктару Тураву.

Вечар памяці да 90-годдзя Віктара Цімафеевіча мог бы быць афіцыйным, улічваючы, колькі ў яго дасягненняў і рэгалій у кінамастацтве (Віктар Тураў — народны артыст СССР, народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР). Але дзякуючы вядучаму — народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, мастацкаму кіраўніку Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандру Яфрэмаву — атмасфера атрымалася вельмі цёплая і настолькі душэўная, нібыта ўсе гледачы знаходзіліся не ў вялікай кіназале, а ва ўтульнай хатняй абстаноўцы. Менавіта Аляксандр Васільевіч задаваў тон сваімі пранікнёнымі ўспамінамі пра Віктара Турава ўсім выступленням са сцэны, на якую выходзілі не толькі калегі, сябры, але і родныя і блізкія вядомага беларускага кінарэжысёра. Безумоўна, без гэтага вечара XXXII Мінскі міжнародны кінафестываль не меў бы настолькі шчымлівае для душы кожнага аматара беларускага кіно імгненне, менавіта імгненне, бо вечар праляцеў хутка: хацелася, каб успаміны пра Віктара Цімафеевіча не заканчваліся...
Гімн Палессю і роднай зямлі
Аляксандр Яфрэмаў згадаў прысутным, што Віктар Тураў — знакавае імя для сусветнага кінамастацтва, бо яго работа «Праз могілкі» уваходзіць у спіс ста найлепшых фільмаў аб вайне. «Ён яшчэ дзіцем перажыў жахі вайны, вяртаўся з канцлагера праз усю Еўропу разам з маці і сястрой, пра гэта хацеў нават зняць свой фільм, але не паспеў... І ўсё ж тэма вайны праходзіць не праз адзін яго фільм і ён змог расказаць пра яе як ніхто... Віктар Тураў пайшоў з жыцця трыццаць гадоў таму, якраз 31 кастрычніка... — расказвае Аляксандр Яфрэмаў. — Трагедыя смерці ў незавершанасці ўчынкаў, пачуццяў, эмоцый, спраў... Тураў быццам заўсёды разумеў гэта і таму заўсёды спяшаўся жыць».

Было асабліва цікава слухаць, як Аляксандр Яфрэмаў (паколькі ён сам з’яўляецца выдатным рэжысёрам) прызнаецца ў вялікай павазе і любові да творчасці свайго калегі і сябра. Гэта было насамрэч пранікнёна і шчыра! «Віктар Тураў усхваляў прыгажосць роднай зямлі. Паглядзіце, якая арганіка адчуваецца ў яго работах па творах Івана Мележа, напрыклад, яго «Людзі на балоце»! Дзякуючы яго ўнікальным рэжысёрскім рашэнням Палессе стала цэнтрам свету, гэта космас пачуццяў са сваёй філасофіяй і культурай, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Яфрэмаў. — Віктар Тураў змог паказаць прыгажосць нашай Беларусі! Яго фільмы «Палескай хронікі» — гімн Палессю і роднай зямлі. Можна правесці паралель з «Паднятай цаліной» Міхаіла Шолахава, наколькі гэта па-майстэрску зроблена!
На сцэну, нягледзячы на паважны ўзрост (больш за 80 гадоў), выйшаў і аператар многіх карцін Віктара Турава («Час яе сыноў», «Людзі на балоце», «Дыханне навальніцы» і г. д.) Дзмітрый Зайцаў. Ён прызнаўся, што не мог абмінуць увагай такі вечар, бо нікога з рэжысёраў настолькі не любіў і ні з кім не было такога паспяховага творчага саюза:
— У нас былі сапраўды чалавечыя адносіны. Я ставіўся да Віктара Турава, як да бацькі. Гэта было вялікае шчасце — працаваць з ім. Разам мы змаглі стварыць фільмы, якія любяць і сёння. Яго вельмі не хапае... — прызнаўся Дзмітрый Зайцаў. — Мы пазнаёміліся ў 60-я і адразу стала зразумела: у нас аднолькавы погляд амаль на ўсё. Было дзіўна назіраць, як да Віктара Турава прывязваліся артысты, яго вельмі паважалі за талент. На пляцоўцы сапраўды была магія!
Гледачы з цікавасцю слухалі, як здымалася «Палеская хроніка». Напрыклад, падчас эпізода збору журавін нечакана пайшоў снег і гэта было вельмі прыгожа ў кадры і насамрэч. Думаю, многім пасля гэтага захацелася перагледзець не адзін фільм Віктара Турава і «Людзі на балоце» ў першую чаргу.
Успаміны аб здымках і не толькі
Народны артыст Расіі, дэпутат Дзяржаўнай думы Мікалай Бурляеў прыйшоў на вечар памяці Віктара Турава, нягледзячы на тое, што дзень у яго быў вельмі актыўны. Пагадзіцеся, калі ў цябе і круглы стол, і прэм’ера свайго фільма з «разборам палётаў» ад калег і гледачоў, можна спаслацца на стомленасць. Аднак ён прыйшоў, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі пра чалавека, якога кінематографу сёння вельмі не хапае.

— Упершыню мы сустрэліся з Віктарам Цімафеевічам у канцы 80-х, калі мне прапанавалі зняцца ў стужцы «Высокая кроў». Але ў 90-я аднойчы ў цягніку я выпадкова даведаўся ад вядомага аператара Анатоля Забалоцкага, што на «Беларусьфільме» будзе стварацца фільм, паводле твора Васіля Бялова «Усё наперадзе». Многія пужаліся працаваць з такім вострым сцэнарыем. Я прапанаваў Тураву сваю кандыдатуру і ён пагадзіўся, — згадвае Мікалай Бурляеў. — Больш цяжкай працы ў мяне не было! У нейкі момант на кінастудыі быў створаны мастацкі савет, дзе ўзнімалася пытанне, ці працягнецца мая праца над гэтай карцінай наогул? Васіль Бялоў на адным з пасяджэнняў сказаў: «А фільм жа атрымліваецца!» І Тураў быў вельмі рады, што мяне пакінулі.
Народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін доўга трымаў залу, дзякуючы свайму акцёрскаму таленту, яго хацелася слухаць бясконца. І, канешне ж, Уладзімір Васільевіч падзяліўся сваімі ўспамінамі пра рэжысёра:
— Менавіта Віктар Тураў стаяў каля вытокаў стварэння Тэатра-студыі кінаакцёра, дзе я працаваў шмат гадоў. Неяк так сталася, што мы пазнаёміліся і сталі працаваць ужо на заходзе маёй кар’еры. Мне давялося зняцца толькі ў яго апошняй карціне «Шляхціч Завальня». Віктар Тураў быў сапраўды добры кранальны чалавек, як дзіця, — заўважае Уладзімір Гасцюхін. — Ён цудоўны не толькі рэжысёр, але і мастацкі кіраўнік! Дзякуючы яму многае мянялася ў найлепшы бок і наша кіно развівалася.
У сваім выступленні заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Цімошкін расказаў пра тое, як яму пашчасціла перадаць навіну Віктару Тураву аб прысуджэнні Дзяржаўнай прэміі СССР (пра гэта папрасіў рэжысёр Станіслаў Растоцкі, у якога здымаўся на той момант).
Дэкан факультэта кіно, тэатра і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Паўлаў, які быў вучнем Віктара Цімафеевіча, быў вельмі эмацыйным і шчырым. Ён, сёння ўжо вядомы рэжысёр, прызнаўся, што глядзіць карціны свайго педагога і цяпер. «Віктар Тураў казаў, што не можа нас навучыць, але кожны, гледзячы на яго, можа нечаму навучыцца сам, — згадвае Іван Паўлаў. — У яго сапраўды быў адметны стыль работы. Віктар Тураў натхніў і мяне стаць педагогам, каб дзяліцца сваімі ведамі са студэнтамі БДАМ.
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей падзялілася, што менавіта дзякуючы Віктару Тураву змагла нарэшце вярнуцца ў родную краіну, ён дапамагаў рэалізоваўцца ёй у прафесіі, бо быў адным з тых, хто напісаў выдатную характарыстыку для вучобы, натхняў раскрываць свой талент у кіно. «Ён жадаў гледачам заўсёды тры рэчы — міру, пяшчоты і любові. А як клапаціўся пра артыстаў на здымках! Віктар Тураў быў вельмі аўтарытэтным чалавекам і мог угаварыць каго заўгодна, хоць з ім маглі спрачацца доўга. Але ён казаў, што ўсё роўна будзе, як ён сказаў. Так і атрымлівалася, бо яго любілі, яго паважалі, яму давяралі. Гэта вельмі адданы сваёй краіне чалавек! Шкадую, што аднойчы, калі мы былі на мерапрыемстве ў Анапе, не змала з-за сваёй стомленасці застацца, каб пагутарыць з ім, калі ён прасіў яшчэ пасядзець побач».

І ўсё ж самым запамінальным для Святланы Сухавей стаў прыезд на здымачную пляцоўку да рэжысёра Уладзіміра Высоцкага разам з Марынай Уладзі. Згадаем, што калісьці Тураў, можна сказаць, адкрыў талент Высоцкага ў кіно, зняўшы яго ў сваім фільме «Я родам з дзяцінства». Сёлета, дарэчы, гэтай рабоце спаўняецца 60 гадоў. Песні Высоцкага, якія ўпрыгожваюць не адну стужку, у гэты вечар таксама гучалі са сцэны ў выкананні артыстаў Тэатра-студыі кінаакцёраў. Гэта надало мерапрыемству асаблівы шарм!
Слова — родным і блізкім
І ўсё ж самымі пранікнёнымі сталі выступленні родных і блізкіх. Сын рэжысёра Арцём, нягледзячы на сваю занятасць (ён дэпутат Дзяржаўнай Думы) прыехаў спецыяльна, каб дапамагчы адкрыць у Магілёве Музей Віктара Турава і завітаць на вечар памяці ў Мінску:
— На працягу тыдня адбываліся паказы фільмаў бацькі на фестывалі «Тураўская восень» у Магілёве. Нядаўна нам удалося арганізаваць пераклад і агучванне «Я родам з дзяцінства», таму гэтую карціну паглядзелі ўжо ў трыццаці краінах свету. Хочацца пакласці добрую традыцыю такому вопыту. А яшчэ вельмі хочацца, каб у новым музеі ў Магілёве ўдалося захаваць такія ж цёплыя ўспаміны, якія сёння гучалі са сцэны ў кінатэатры «Масква». Прашу ўсіх па магчымасці ўзяць удзел у папаўненні экспазіцыі, размова больш не пра рэчы, а менавіта пра ўспаміны пра Віктара Турава.
Вельмі шчырым было і выступленне дачкі рэжысёра, яго калегі па цэху толькі з ухілам у бок анімацыі Алены Туравай. Яна выказала думку, што Віктар Тураў прысутнічае сярод нас, бо гэта адчуваецца па цёплай атмасферы.
— На жаль, яго жыццё было не такім доўгім, але колькі бацька паспеў стварыць і пакінуць пасля сябе... Гэта і фільмы, і яго вучні... Практычна ўсе свае сродкі з камандзіровак ён аддаваў на якасныя кнігі, каталогі па мастацтве. Нам ёсць яшчэ чаму ў яго павучыцца і сёння...
Удава Віктара Турава Тамара выказала ўсю глыбіню сваіх пачуццяў і боль ад страты мужа ў лірычным вершы і падзякавала ўсім, хто прыйшоў раздзяліць у гэты вечар любоў і павагу да рэжысёра.
.jpg)
Сімвалічна, што вечар памяці Віктара Турава завяршала карціна студыі дакументальных фільмаў «Летапіс» (рэжысёр Яўген Сяцько, сцэнарыст Аляксандр Анісімаў) «Віктар Тураў. Дыханне жыцця». Сімвалічна, бо ён працягвае жыць у сваіх карцінах, у сваіх вучнях, якія робяць уклад у беларускі кінематограф, і ў сваіх дзецях...
Ірына ПРЫМАК
Фота SB.by