З верай у маладое пакаленне
У гэтай значнай культурнай падзеі бяруць удзел 50 творцаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы міністэрстваў культуры і адукацыі, а таксама Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Асноўная мэта форуму — даць магчымасць літаратарам-пачаткоўцам стаць часткай прафесійнай пісьменніцкай суполкі. Работа арганізатараў накіравана на пошук маладых таленавітых пісьменнікаў, павышэнне іх літаратурнага майстэрства, культурнага і адукацыйнага ўзроўняў.

На адкрыцці форуму выступіў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ:
— Гэты маштабны праект стаў магчымы дзякуючы ўсебаковай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Статус сённяшняй падзеі падкрэсліваюць нашы асноўныя партнёры. Мы ўдзячны кожнаму з іх за веру ў маладое пакаленне аўтараў, за вялікі ўнёсак у стварэнне гэтай прафесійнай пляцоўкі. Мы адкрываем не проста новае мерапрыемства, але і новую старонку ў гісторыі сучаснай беларускай літаратуры. Ідэя гэтага форуму нарадзілася з відавочнай неабходнасці — нашай краіне, нашаму чытачу патрэбны новыя імёны, новыя сэнсы і свежы погляд на свет. Тэму нашай асноўнай дыскусіі я акрэслю ёміста: сучасная і запатрабаваная беларуская літаратура. У слове «запатрабаваная» захоўваецца галоўны выклік для кожнага, хто бярэ ў рукі пяро. Быць запатрабаваным пісьменнікам сёння — гэта не значыць слепа гнацца за трэндамі і камерцыйным поспехам. Гэта значыць — адчуваць нерв свайго часу, гаварыць са сваім пакаленнем на шчырай мове і адказваць на тыя пытанні, якія людзі любяць задаваць самі сабе.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ перакананы, што форум стане значнай культурнай падзеяй не толькі для тых, хто выбраў слова сваім прызваннем і сваім служэннем, але і для ўсіх беларусаў:
— Літаратура ва ўсе часы была не толькі мастацтвам, але і выконвала місію духоўнага арыенціра грамадства. Сёння, як ніколі, важна, што тут сабраліся перакладчыкі, паэты, празаікі, публіцысты, літаратурныя крытыкі, драматургі — тыя, каму давядзецца не толькі працягваць традыцыі, але і фарміраваць новае гучанне часу. Перад кожным творцам стаіць важнае пытанне: дзеля чаго гучыць слова? Безумоўна, усе пісьменнікі адчуваюць сваю грамадзянскую адказнасць, бо слова фарміруе светапогляды, валодае сілай, вядзе за сабой. І менавіта ў спалучэнні грамадзянскай адказнасці з унутранай свабодай нараджаецца сапраўднае мастацтва.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА