У самым сэрцы Мінска, па вуліцы Ракаўскай,14а, 24 ліпеня расчыніў свае дзверы новы офіс Беларускага саюза жанчын.
Гэта не проста змена адрасу, а стварэнне шматфункцыянальнага цэнтра, які павінен стаць платформай для рэалізацыі жаночых ініцыятыў, умацавання сямейных каштоўнасцей і ўсебаковай падтрымкі прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва.
Пераезд у новы офіс стаў вынікам доўгага шляху і агульнай мары, адзначыла старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская:
— Дом жанчын задумваўся як месца, якое будзе натхняць нас на новыя ідэі і праекты. Мы марылі стварыць цэнтр жаночага прыцягнення, каб кожная жанчына ведала, куды звярнуцца за падтрымкай і парадай, падзяліцца радасцю ці знайсці рашэнне праблемы. Мы хочам паказаць, што беларускія жанчыны могуць усё, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для іх развіцця, каб яны маглі паспяхова рэалізаваць сябе і як маці, і як прафесіяналы.
Двухпавярховы гістарычны будынак ператварыўся ў сучасную прастору, дзе беражліва захавана атмасфера ўтульнасці і цяпла. Тут размясціліся галоўны офіс БСЖ, залы для правядзення перамоваў і канферэнцый, утульныя пакоі для сустрэч і задушэўных размоў, а таксама музей, прысвечаны гісторыі жаночага руху ў Беларусі. На сценах — фатаграфіі, якія адлюстроўваюць ключавыя праекты арганізацыі і партрэты лідараў руху. Тэрыторыя ўнутранага дворыка дазваляе праводзіць мерапрыемствы на адкрытым паветры.
Вольга Шпілеўская падкрэсліла, што ў цяперашні час у складзе Беларускага саюза жанчын налічваецца больш за 6 тысяч пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць каля 186 тысяч беларускіх жанчын:
— Людзі давяраюць нам, і менавіта таму ахвотна ўступаюць у нашу супольнасць. Жанчыны прыходзяць туды, дзе бачаць сэнс, дзе адчуваюць, што гэта важна для іх, што яны могуць штосьці атрымаць і аддаць наўзамен. Толькі тады ўдзел становіцца па-сапраўднаму каштоўным.
Старшыня БСЖ таксама падзялілася планамі па стварэнні клуба знаёмстваў для адзінокіх людзей старэйшага ўзросту, падкрэсліваючы, што сям’я важная ў любым перыядзе жыцця.
Па добрай традыцыі, госці прыйшлі на наваселле не з пустымі рукамі. Міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў падарыў карціну з выявай буслоў — сімвалаў Беларусі, а таксама паабяцаў, што ў Дом БСЖ паступіць неабходная бытавая тэхніка.

— На Гомельскім заводзе ліцця і нармалей, якім я кіраваў да працы ў міністэрстве, была сур’ёзная ячэйка саюза. Так, з 5 тысяч работнікаў жанчын было 42 працэнты, з якіх за першыя тры месяцы пасля стварэння ячэйкі ў яе ўступіла 600 чалавек, — распавёў міністр. — Таму пра дзейнасць саюза я ведаю шмат.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец уручыў сертыфікат на навучанне маладых актывістак саюза ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. Намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Святлана Гурына падкрэсліла, што каля 40% працаўнікоў у іх галіне — жанчыны, і яны прымаюць актыўны ўдзел у дзейнасці БСЖ.
Новы Дом БСЖ — гэта не проста адміністрацыйны будынак, а сапраўдны цэнтр сілы, натхнення і стварэння, закліканы аб’яднаць беларусак розных пакаленняў і прафесій. Месца, дзе амбіцыі становяцца рэальнасцю, а мары — праектамі.
Марыя Асмалоўская