Top.Mail.Ru

У Мінску адкрылася галоўная медыйная пляцоўка выбараў Прэзідэнта

Інфацэнтр Цэнтральнай выбарчай камісіі ўрачыста адкрыўся ў пятніцу ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Тут будуць працаваць эксперты, назіральнікі, журналісты. Доступ у інфармацыйны цэнтр атрымаў 481 прадстаўнік з 25 беларускіх медыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ.


Замежныя медыя будуць прадстаўлены найбуйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі з 23 краін Азіі, Еўропы, Лацінскай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу. Традыцыйна высокую цікавасць праявілі прадстаўнікі расійскіх медыя. Свае заяўкі на акрэдытацыю накіравалі і вядучыя сусветныя СМІ — BBC, Reuters (Вялікабрытанія), Al Jazeera (Катар), Медыякарпарацыя Кітая (CCTV і CGTN), ТАСС, УДТРК (Расія), CNN, Associated Press (ЗША), AFP (Францыя).

— Мы адкрылі галоўную медыйную пляцоўку выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У першую чаргу хачу выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам Інфармацыйнага цэнтра, бо гэта вынік карпатлівай работы дзясяткаў і нават соцень прафесіяналаў з розных сфер, — адзначыў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. — Безумоўна, пры планаванні выбарчай кампаніі мы кіруемся дзейным заканадаўствам і выбудоўваем узаемадзеянне з усімі суб’ектамі выбарчага працэсу. У сувязі з гэтым Інфармацыйны цэнтр з’яўляецца важнай формай рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў адкрытасці і галоснасці ў перыяд правядзення выбараў. Менавіта гэта традыцыйная пляцоўка ЦВК з’яўляецца крыніцай аператыўнага прадастаўлення актуальных і дакладных звестак аб прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая праходзіць у краіне, сродкам масавай інфармацыі, нацыянальным, замежным і міжнародным назіральнікам.

У гэтым годзе цэнтр упершыню будзе працаваць на працягу чатырох дзён. Тут пройдзе маладзёжны турнір па гульні «Выбар.BY», арганізаваны Маладзёжным саветам пры ЦВК, адкрыецца выстава «Развіццё выбарчага права ў гістарычнай рэтраспектыве». На медыйных пляцоўках цэнтра будуць працаваць вучоныя ў галіне выбарчага права, эксперты, практыкі, арганізатары выбараў.

— Асабліва прыемна вітаць сваіх калег-кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў — удзельніц СНД, з якімі нам трэба абмеркаваць шэраг пытанняў у рамках дзейнасці Кансультатыўнага савета дзяржаў — удзельніц СНД, — дадаў кіраўнік ЦВК.

Акрамя таго, кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі правядзе шэраг прэс-канферэнцый, дзе раскажа аб падрыхтоўцы і ходзе выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Інфармацыя будзе падмацаваная прамымі ўключэннямі з рэгіёнаў, а ў ноч на панядзелак будуць аб’яўлены папярэднія вынікі выбараў Прэзідэнта краіны. Завершыцца работа Інфармацыйнага цэнтра ў панядзелак серыяй выніковых прэс-мерапрыемстваў ЦВК, місій міжнародных арганізацый, замежных назіральнікаў і экспертаў.

— Думаю, што інфармацыі будзе больш чым дастаткова. Мы сапраўды адкрыты. Наша задача цяпер — паказаць рэальна тое, што адбываецца ў Беларусі. І тут важна не толькі тое, што вы пакажаце гледачу. Тут вельмі важна, што вы выкладзеце ў сацыяльныя сеткі, на YouTube-канал, у месэнджары. Таму што для нас галоўнае, каб людзі, якіх цікавіць праўдзівая сітуацыя ў Беларусі, а не тое, што расказваюць некаторыя замежныя палітыкі або эксперты, убачылі, што рэальна ў нас адбываецца, — звяртаючыся да журналістаў, адзначыў міністр інфармацыі Марат Маркаў.

Дарэчы, на сёлетнія выбары акрэдытавана ў паўтара раза больш журналістаў з замежных СМІ, чым было ў 2020 годзе. 

— Я буду з задавальненнем адказваць на іх пытанні, калі яны іх будуць задаваць. Самы галоўны пасыл — няхай яны напішуць і пакажуць рэальнасць, — дадаў Марат Маркаў.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю