Пра задуму і духоўны сэнс праекта расказала дырэктар музея «Смаленская крэпасць» Наталля Калашнікава:
«Гэтая выстава — вельмі чалавечая, пра канкрэтныя гісторыі, кранальная і знакавая. Пра тое, як з руін мы аднавіліся, з нічога выжылі і сталі моцнай краінай. Нам важна расказваць аб простым чалавеку».

Маштаб разбурэнняў і цяжкі побыт удакладніў міністр культуры і турызму Смаленскай вобласці Міхаіл Івушын:
«Выстава расказвае пра час, калі Смаленск аднаўляўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Тады горад быў разбураны: з 800 будынкаў знішчана 730. Людзям катастрафічна не хапала жылля. Улады горада дазволілі насельніцтву афіцыйна сяліцца ва ўнутраных памяшканнях крэпасці, нават у байніцах. На выставе мы пастараліся перадаць усю цяжкасць той сітуацыі».

Са словамі падзякі і пра гістарычную праўду да гасцей звярнулася дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Таццяна Калядка:
«Смаленск быў разбураны больш чым на 92%. Толькі ў цесным узаемадзеянні з брацкім народам Расіі мы можам захоўваць гістарычную праўду».

Пра выхаваўчае значэнне выставы для моладзі нагадала намеснік начальніка аддзела ўстаноў культуры ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Марыяна Нікалаева:
«Культура Беларусі і Расіі — гэта фундамент, на якім будуецца наша будучыня. Для юных наведвальнікаў выстава стане ўрокам мужнасці і міласэрнасці».

Музычным падарункам стала выступленне маскоўскага хору «Благозвучие».
Выстава працуе да 30 мая, уваход вольны. Пасля гэтага на працягу года яна будзе экспанавацца на пляцоўках па ўсёй Беларусі: у Лідзе, Маладзечне, Гродне і Мірскім замку.
Надзея Зуева
Фота аўтарa