Падарунак для студэнтаў
У аўторак у беларускай сталіцы адбылося адкрыццё новага шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі кіраўніцтва Савета Рэспублікі, горада Мінска, Міністэрства адукацыі, а таксама студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта.

Новы спартыўны комплекс уяўляе сабой сучасны двухпавярховы будынак плошчай 4707 квадратных метраў. Аб’ект пабудаваны ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і ўключае 25‑метровы плавальны басейн (на 7 дарожак); універсальную гульнявую залу (42×24 метры), прызначаную для заняткаў міні-футболам, валейболам і баскетболам; спецыялізаваныя залы для бокса і цяжкай атлетыкі; сучасную трэнажорную залу; лыжную базу і дзве сауны. Акрамя таго, на спартыўным аб’екце створана безбар’ернае даступнае асяроддзе для асоб з інваліднасцю.

Звяртаючыся да прысутных, Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Беларусі развіццю спорту і здароваму ладу жыцця ўдзяляецца самая сур’ёзная ўвага.
— У нашай краіне больш за 20 тысяч спартыўных аб’ектаў, толькі ў сталіцы іх больш за 3 тысячы, — пералічыла Наталля Качанава. — І сёння яшчэ адзін спартыўны аб’ект з’явіўся ў горадзе Мінску. І я шчыра хацела б падзякаваць усім, хто прымаў удзел у будаўніцтве гэтага выдатнага аб’екта.
Спікер выказала ўпэўненасць, што такі падарунак абавязкова спадабаецца студэнтам і выкладчыкам універсітэта, бо тут можна будзе не толькі правесці вольны час, але і заняткі па фізічнай культуры і спорце. Наталля Качанава паведаміла, што калісьці менавіта выкладчыкі ўніверсітэта сталі ініцыятарамі будаўніцтва гэтага спартыўнага аб’екта. Старшыня Савета Рэспублікі таксама падзякавала і кіраўніцтву БДТУ.
Звяртаючыся да студэнтаў, Наталля Качанава пажадала ім паспяховай здачы сесіі.
— Я ведаю, што гэта заўсёды такі напружаны перыяд у жыцці студэнта. Але разам з тым праз многія-многія гады вы будзеце ўспамінаць гэты час як лепшы ў сваім жыцці. Няхай спраўджваюцца вашы мары, планы. І самае галоўнае — каб тая спецыяльнасць, якую вы набываеце тут, была вам па душы, каб вы прыносілі карысць сваёй краіне і свайму народу, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваю чаргу ад імя ведамства павіншаваў прысутных з адкрыццём спартыўнага аб’екта. Ён адзначыў:
— Дзякуючы нашаму Прэзідэнту і рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі падтрымцы студэнтаў, навучэнцаў надаецца вялікая ўвага. Безумоўна, у жыцці кожнага студэнта вельмі важным з’яўляецца не толькі выбар прафесіі, не толькі вучоба і засваенне прафесійных ведаў, але і штодзённае студэнцкае жыццё. Упэўнены, што такі падарунак ад дзяржавы для ўсіх студэнтаў тэхналагічнага ўніверсітэта дазволіць камфортна, па-спартыўнаму, па-здароваму праводзіць вольны час і дасягаць новых вышынь. Хачу пажадаць вам новых перамог, новых здзяйсненняў і заўсёды памятаць пра тое, што краіна ў вас верыць, вы патрэбныя нашай краіне. Таму працуеце і вучыцеся на карысць нашай Рэспублікі Беларусь.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спікер Савета Рэспублікі і запрошаныя госці азнаёміліся з работай спартыўнага аб’екта.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА