Top.Mail.Ru

У Мінску аб’яўлены пераможцы конкурсу «Юны патрыёт»

Маштабны конкурс, які праводзіўся сярод дзяцей работнікаў арганізацый Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб’яднаў больш за дзве сотні ўдзельнікаў і ў чарговы раз прадэманстраваў глыбіню разумення падрастаючым пакаленнем гісторыі краіны і яе будучыні. Імёны тых, чые работы прызнаны лепшымі, прагучалі са сцэны канцэртнай залы «Мінск».


Але галоўная мэта праекта — не проста выявіць лепшых. Як адзначаюць арганізатары, конкурс праводзіўся ў мэтах выхавання і ўмацавання ў дзяцей работнікаў арганізацый Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь патрыятызму, стымулявання і падтрымкі іх творчасці. Заяўкі на ўдзел прымаліся ад дзяцей 10-14 гадоў — у гэтым узросце асабліва важна сфарміраваць грамадзянскую пазіцыю дзіцяці, умацаваць у юным розуме пачуццё дачынення да лёсу роднай зямлі, даць імпульс для развіцця яго творчага патэнцыялу. 


Усяго на суд кампетэнтнага журы было прадстаўлена 205 работ. У намінацыі «Лепшы малюнак» спаборнічалі 127 удзельнікаў. Крыху менш — 78 чалавек — выбралі літаратурную ніву, прадставіўшы сачыненні на патрыятычную тэматыку. Пасля ўважлівага адбору конкурсная камісія вызначыла больш за 50 пераможцаў, чые работы былі адзначаны як найбольш адпаведныя высокім крытэрыям. Сярод іх у тым ліку — паўната і глыбіня раскрыцця ідэі, а таксама арыгінальнасць аўтарскай задумы і творчы падыход. 

Кожнаму з пераможцаў быў уручаны каштоўны падарунак, дыплом удзельніка і пераможцы конкурсу. Спецыяльным прызам «За лепшае адлюстраванне тэматыкі конкурсу» ў намінацыі «Лепшы малюнак» узнагароджаны 3 удзельнікі, «За лепшае адлюстраванне тэматыкі конкурсу» ў намінацыі «Лепшае сачыненне» — 4.


Павіншаваў пераможцаў і пажадаў ніколі не заставацца на дасягнутым, рабіць добрыя справы на карысць роднага краю намеснік Кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Антон КРАЕЎСКІ: «Быць патрыётам — гэта не проста любіць тое месца, дзе ты нарадзіўся. Гэта даказваць любоў сваімі дасягненнямі, сваёй вучобай, з павагай ставіцца да гісторыі сваёй краіны. Кожны з вас сваім удзелам даказаў, што гатовы берагчы і прымнажаць каштоўнасці нашай краіны», — падкрэсліў Антон Краеўскі. 

«Вашы работы — гэта не проста творчасць, гэта сапраўднае адкрыццё. Вы прымусілі нас, дарослых, нанава ўсвядоміць вельмі важныя рэчы. Праз фарбы сваіх малюнкаў, праз шчырыя радкі сваіх твораў вы змаглі выказаць тое, што часам цяжка перадаць нават самымі гучнымі словамі, — расказала старшыня журы конкурсу афіцыйны прадстаўнік Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ружэна НАВІЦКАЯ. — Гэта самаахвярная, чыстая любоў да сваёй Радзімы, павага да яе гісторыі, прыроды, культуры. Гэта гонар за сваіх бацькоў, за іх працу і за нашых продкаў, якія будавалі для нас незалежную, моцную і квітнеючую Беларусь. Вашы малюнкі і сачыненні паказалі, што вы добра ведаеце, што значыць быць грамадзянінам, быць абаронцам і быць сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны». 


У сваіх мастацкіх работах дзеці адлюстравалі сцэны мірнага побыту беларусаў, моманты ўдзелу ў дзяржаўных святах і патрыятычных акцыях, а таксама акцэнтавалі ўвагу на непахіснасці сямейных каштоўнасцяў і сувязі паміж старэйшым і малодшым пакаленнямі. Асаблівую цікавасць выклікала магчымасць паказаць архітэктурныя шэдэўры і маляўнічыя куточкі прыроды беларускіх гарадоў і вёсак.

Пра сваю работу расказала Дар’я Цыбулька, вучаніца ДУА «Сярэдняя школа № 26 г. Мінска». Школьніца стала адной з пераможцаў у намінацыі «Лепшы малюнак»:

— Я намалявала дзяўчыну, якая ўслаўляе нашу прыроду. Намалявала поле з каласкамі, таму што ў мяне яны асацыююцца з Беларуссю. Бусел — таксама наш сімвал, блізкі кожнаму. А на дзяўчыне — народная сукенка з арнаментам. Мне хацелася паказаць натхнёную беларуску, якая хоча і да іншых данесці, якая наша Беларусь прыгожая.


У літаратурных творах удзельнікі разважалі і аб багацці беларускай культуры, і аб важнасці захавання гістарычнай памяці, любові да малой радзімы. Многія аўтары звярнуліся да тэмы выбару будучай прафесіі, праводзячы паралелі паміж сучаснымі дасягненнямі краіны і асабістым укладам у яе развіццё, адзначалі ў сваіх сачыненнях важнасць захавання архітэктурных і прыродных славутасцяў нашай краіны. Дарэчы, неабходна было і адказаць на пытанне «Чаму я патрыёт Беларусі?» 

Марыя Герцык, вучаніца ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Мінска», прызнаецца: творчасць — неад’емная частка яе жыцця. «У сваім творы я пісала пра такія месцы, як Чырвоны Бераг, бо некалі прыязджала туды з экскурсіяй і засталася пад вялікім уражаннем. Таксама закранала думку аб тым, што мы, моладзь, усведамляем уклад нашых продкаў у нашу будучыню і шчыра любім сваю краіну».

Па словах Антона Краеўскага, многія работы вызначаліся сваёй праніклівасцю і шчырасцю. І, каб з імі маглі азнаёміцца як мага больш людзей, у тым ліку гасцей краіны, было прынята рашэнне арганізаваць выязную выставу дзіцячай творчасці. Экспазіцыю плануюць размясціць у нацыянальных парках і санаторыях Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Няхай госці бачаць, што ў нашай краіне жывуць і растуць дзеці, якія ганарацца сваёй Радзімай і цэняць дасягненні сваёй дзяржавы», — адзначыў Антон Краеўскі. 

Аміна НАЗАРАВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю