У Мінску да канца года плануюць замяніць больш за 200 прыпыначных навесаў. Якімі яны будуць, расказаў намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Арцём Ганчар.
«У Мінску цяпер устанаўліваюцца тыпавыя прыпыначныя навесы. Яны ўяўляюць сабой металічныя ацынкаваныя канструкцыі з ударатрывалым шклом і назвай прыпынку на рускай і беларускай мовах. Летась устаноўлена 233 навесы, сёлета плануецца 220. Ставім сабе план не менш за 200, лепш крыху больш штогод мяняць», — адзначыў Арцём Ганчар, удакладніўшы, што замене падлягаюць навесы ў нездавальняючым стане і са скончанай амартызацыяй.
У кантэксце абнаўлення дарожнай сеткі Мінска Арцём Ганчар таксама паведаміў, што сродкі, неабходныя для выканання рамонтных работ, выдзелены Мінгарвыканкамам у поўным аб’ёме. Сёлета прадпрыемства плануе адрамантаваць не менш за 1,9 млн кв. м пакрыцця. «Мы для сябе разумеем: у раёне двух мільёнаў, плюс-мінус, мы павінны выконваць штогод, каб падтрымліваць вулічна-дарожную сетку ў годным эксплуатацыйным стане», — дадаў намеснік гендырэктара.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што работы па ліквідацыі ямачнасці нікуды не падзенуцца: дэфекты будуць утварацца заўсёды, і ўстараняць іх прыходзіцца ў любую пару года. «Ні адна краіна ў свеце яшчэ не вырашыла пытанне ямачнасці», — канстатаваў ён.
Аналіз паказвае станоўчую дынаміку. Дарожнікі ўжо ліквідавалі 70 тыс. кв. м ямачнасці супраць 102 тыс. кв. м за той жа перыяд мінулага года, і Арцём Ганчар упэўнены, што па выніках года агульны аб’ём работ акажацца меншы не з-за эканоміі або скарачэння намаганняў, а таму што сама патрэба ў ямачным рамонце прыкметна зніжаецца.
Гаворачы аб перспектывах, намеснік гендырэктара растлумачыў, што абнаўленне дарожнай сеткі — працэс бесперапынны. «Дарога — жывы арганізм, які пастаянна адчувае дынамічныя нагрузкі. Мы максімальна выконваем прэвентыўныя меры, каб падоўжыць тэрмін эксплуатацыі дарог, але ён не можа быць вечным», — лічыць Арцём Ганчар.
Ён растлумачыў, што дарожныя арганізацыі Мінска праводзяць камісійныя агляды вулічна-дарожнай сеткі двойчы на год. Па выніках восеньскага агляду фарміруюцца планы работ на наступны год, а вясновы агляд уносіць карэкціроўкі з улікам дэфектаў, якія выявіліся за зіму, рэзюмаваў намеснік гендырэктара.