За сваё кароткае, але яркае жыццё Надзея стварыла каля 12 тысяч графічных малюнкаў. Дакладную колькасць падлічыць складана, бо многія работы творца падарыла сябрам і знаёмым, а некаторыя згубіліся пасля першых выставак. Творы мастачкі дэманструюць цудоўнае спалучэнне літаратурных, міфалагічных і бытавых матываў, аб’яднаных лёгкай ліні-
яй і глыбокай эмацыянальнай выразнасцю.
Выстаўка «Уяўленняў мімалётных рысы» знаёміць гледача з асноўнымі тэматычнымі кірункамі творчасці Надзеі Рушавай. Цэнтр экспазіцыі займае серыя работ, прысвечаных творам А. С. Пушкіна. З дзяцінства Надзея ўспрымала яго як «самага народнага паэта». У той жа час з’явіліся яе першыя малюнкі — ілюстрацыі да казак вялікага класіка. Пазней яна ўзялася за ілюстраванне больш складаных твораў і эпізодаў з біяграфіі паэта. Серыя работ «Пушкініяна» — не проста графіка. Гэта дыялог з вялікім майстрам, у якім сама юная творца праявіла мастацкае светаадчуванне, а таксама ўменне ўбачыць характар і настрой герояў. Аднак Пушкін не адзіны пісьменнік, чые творы сталі асновай для ўнікальнай графікі Надзеі Рушавай. У галерэі «Лабірынт» НББ можна ўбачыць работы мастачкі, прысвечаныя творам Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», Льва Талстога «Вайна і мір», Уільяма Шэкспіра «Гамлет», «Сон у летнюю ноч», Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц» і інш. Прывабліваюць міфалагічная і гістарычная часткі экспазіцыі, дзе дэманструюцца графічныя серыі «Антычнасць», «Егіпет», «Сучаснасць».
Важным аспектам работ Надзеі Рушавай з’яўляецца натхненне танцам. Мастачка нарадзілася ў сям’і творчай інтэлігенцыі — прафесійнай балерыны і мастака-дэкаратара, што моцна паўплывала на яе творчае самавыяўленне. Невыпадкова танец стаў галоўным матывам і асновай яе графічнага стылю. Лінейную графіку Рушавай часта называюць «танцуючай». Мастачка выкарыстоўвала розныя матэрыялы, такія як туш, алоўкі, фламастары, а часам звярталася да акварэлі і пастэлі.
Надзея Рушава «Аўтапартрэт у 16 гадоў», 1968 г.
Андрэй Волкаў «Надзя Рушава»
Шматлікімі мастацтвазнаўцамі і крытыкамі адзначана асаблівая творчая сіла і энергія работ Надзеі Рушавай. Яе арыгінальная графіка, якая захоўваецца ў найбуйнейшых музеях Расіі (Дзяржаўны літаратурны музей А. С. Пушкіна, Літаратурны музей Л. М. Талстога), працягвае натхняць новыя пакаленні мастакоў і знаўцаў мастацтва. Работы творцы дэманстраваліся больш чым на 160 выстаўках у розных краінах: Японіі, Германі, ЗША, Індыіі, Манголіі, Польшчы і інш.
Выстаўка «Уяўленняў мімалётных рысы» паказвае, што творчы патэнцыял і глыбокае разуменне мастацтва могуць раскрыцца нават у самым раннім узросце.
Экспазіцыя дэманструецца да 6 ліпеня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара