16 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІІ Рэспубліканскага форуму маладых аналітыкаў.
Мерапрыемства, якое арганізуецца Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (БІСД) і грамадскім аб’яднаннем «Маладзёжная аналітычная супольнасць» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і праходзіць у рамках Беларускага тыдня прадпрымальніцтва, стане фінальным акордам маладзёжнага аналітычнага руху 2026 года.
Форум — дарэчы, упершыню ў фармаце навукова-аналітычнай канферэнцыі — сабраў каля 300 удзельнікаў і больш за 60 дакладчыкаў па пяці ключавых секцыях: «Адукацыя, навука і культура», «Эканоміка і бізнес», «Асоба і грамадства», «Тэхналогіі і вытворчасць», а таксама «Дзяржаўная палітыка і кіраванне». Прагучалі таксама даклады аб каштоўнасных арыенцірах моладзі і аб развіцці грамадскага аб’яднання «Маладзёжная аналітычная супольнасць».
Вітаючы ўдзельнікаў, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй КУНЦЭВІЧ акцэнтаваў увагу на тым, што форум за апошнія гады ператварыўся ва ўстойлівую сістэму з уласнымі традыцыямі і рэпутацыяй. Звяртаючыся да моладзі, ён зазначыў: «Вы не проста аўдыторыя, вы частка кіраўніцкай сістэмы краіны. Ужо заўтра вашы работы могуць перастаць быць проста дакладамі і пачнуць уплываць на развіццё нашай Беларусі, ператворацца ў канкрэтныя прапановы і рашэнні. Пяць секцый форуму — гэта, па сутнасці, пяць найважнейшых напрамкаў, па якіх дзяржаве неабходны новыя ідэі і прапановы».
Адна з мэт мерапрыемства — аб’яднаць намаганні дзяржавы і моладзі для стымулявання дзелавой актыўнасці маладога пакалення, у тым ліку ў рэгіёнах. Падчас форуму юныя даследчыкі прадставяць свае распрацоўкі экспертам і практыкам, што дасць магчымасць давесці іх да ўзроўню канкрэтных праектаў.
Паводле слоў арганізатараў, па выніках форуму плануецца выданне зборніка навукова-аналітычных работ, а таксама прапрацоўка асобных прапаноў моладзі для іх далейшай рэалізацыі ў рамках аналітычнага руху.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА