Top.Mail.Ru

У Мінску падлетак аддаў махлярам 3000 долараў, спалохаўшыся крымінальнай адказнасці

Давер і страх — галоўныя інструменты тэлефонных махляроў, асабліва калі іх ахвярамі становяцца дзеці. У Мінску чарговы падлетак трапіў на кручок аферыстаў і аддаў ім буйную суму.


Як паведамілі ў Ленінскім РАУС, у міліцыю звярнулася 40-гадовая мінчанка. Яе 16-гадовы сын стаў ахвярай тэлефонных аферыстаў.

Па словах падлетка, яму пазванілі пад выглядам супрацоўнікаў сотавай службы і пад падставай падаўжэння дагавора пераканалі прадыктаваць код з СМС. Праз некаторы час яму зноў пазванілі — ужо нібыта прадстаўнікі мабільнага аператара. Яны паведамілі, што раней ён размаўляў з махлярамі, якія завалодалі яго асабістымі данымі. Хлопца пераканалі, што ад яго імя праводзяцца незаконныя фінансавыя аперацыі і яму пагражае крымінальная адказнасць. Каб пазбегнуць пакарання, трэба задэклараваць усе наяўныя грошы.

Падлетак забраў з дома 3000 долараў і перадаў іх невядомаму. Падман раскрыўся, калі ён расказаў пра ўсё маці. Узбуджана крымінальная справа.

У міліцыі адзначаюць, што зламыснікі ўсё часцей выкарыстоўваюць у сваіх схемах непаўналетніх. Іх ахвярамі становяцца нават 9-гадовыя дзеці, якія выносяць з дома сямейныя зберажэнні.

Спачатку дзіцяці звонаць на тэлефон або ў мэсэнджар, прадстаўляюцца супрацоўнікамі абслуговых арганізацый або службы дастаўкі, просяць паведаміць код з СМС. Затым ілжэправаахоўнік паведамляе падлетку, што той перадаў махлярам свае персанальныя даныя, па якіх зараз ад яго імя здзяйсняюцца незаконныя пераводы. Дзіця запугваюць крымінальнай адказнасцю для бацькоў і прытулкам для яго самога. Яму прапануюць выратаваць сям’ю: знайсці і перадаць ілжэсупрацоўнікам наяўныя дома грошы для «дэкларавання» або змяшчэння на «бяспечны рахунак».


Часам зламыснікі размаўляюць з ахвярамі па некалькі дзён, прымушаючы шукаць у жыллі грошы і каштоўнасці. Дзяцей старэйшага ўзросту вербуюць у кур’еры, арганізоўваючы схемы збору і перадачы грошай без удзелу дарослых. Злачынцы лёгка маніпулююць дзіцячым даверам. Калі яны разумеюць, што дзіця не знойдзе ў кватэры назапашванняў, то могуць вымусіць яго паехаць за горад і выключыць тэлефон, інсцэніруючы выкраданне і патрабуючы ў бацькоў выкуп.

Не менш небяспек падсцерагае непаўналетніх пры размовах у сацсетках, мэсэнджарах, анлайн-гульнях. «Сябры» з інтэрнэту пад падставай асабістай сустрэчы просяць прыслаць геалакацыю, пасля чаго запугваюць адказнасцю нібыта за адпраўку сакрэтнай інфармацыі, пагражаюць атакай дронаў і вымагаюць грошы. Таксама пад падставай дапамогі ва ўсталяванні папулярных платных дадаткаў могуць папрасіць карыстальніка iPhone прадаставіць доступ да свайго iCloud. Злачынец тут жа мяняе пароль, смартфон ахвяры блакуецца, а для вяртання кантролю над ім зламыснік патрабуе выкуп.

Бацькам раяць расказваць дзецям, як не стаць ахвярай злачынства. Тлумачыць, што праваахоўнікі не размаўляюць з грамадзянамі ў мэсэнджарах. Нельга выконваць указанні незнаёмцаў. Калі дзіцяці пагражаюць па тэлефоне, патрабуюць знайсці дома грошы або каштоўнасці, неабходна адразу спыніць размову і паведаміць пра гэта бацькам або ў міліцыю па тэлефоне 102. Таксама варта сачыць за актыўнасцю дзяцей у сацыяльных сетках і тлумачыць, што нельга нікому перадаваць свае персанальныя даныя і геалакацыю, доступ да акаўнтаў, а за аватаркай «сябра» могуць хавацца зламыснікі.

Ягор ЧУРЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю