Урачыстая цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў прайшла ў Доме моладзі. Мерапрыемства сабрала юных вынаходнікаў, эколагаў і таленавітых педагогаў з усёй Беларусі — усіх тых, хто сёння на мове навукі, мастацтва і інжынернай думкі стварае вобраз энерганезалежнай будучыні краіны.
Аснова эканамічнай бяспекі
З моманту свайго заснавання ў 2007 годзе конкурс стаў найважнейшым інструментам фарміравання ў моладзі разумення таго, што энергазберажэнне — аснова эканамічнай бяспекі і экалагічнага дабрабыту дзяржавы. Паводле слоў намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі — дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталя Крэцкага, «Энергамарафон» не стаіць на месцы, пастаянна пашыраючы свае гарызонты. «Не так даўно мы ўвялі новую намінацыю „Гейміфікацыя ў энергазберажэнні“, дзе дзеці з дапамогай сваіх праграмных прадуктаў інтэгруюць пытанні энергазберажэння, навучаюць малодшых пытанням рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў», — адзначыў Віталь Крэцкі.
За амаль два дзесяцігоддзі свайго існавання «Энергамарафон» назапасіў унікальны педагагічны вопыт. Штогод у конкурсе бяруць удзел звыш 3,5 тысячы навучэнцаў з больш як 500 устаноў адукацыі рэспублікі. Конкурс не толькі выяўляе перадавыя практыкі ў сферы арганізацыі эфектыўнага энергаспажывання ва ўстановах адукацыі — многія хлопчыкі і дзяўчынкі пасля знаходзяць сябе ў прафесіях галіны энергетыкі і энергаменеджменту, а іх распрацаваныя з дапамогай настаўнікаў праекты нярэдка становяцца рэальным кіраўніцтвам да дзеяння, укараняюцца ў навучальных установах.
Крэатыў побач з тэхналагічнасцю
Фінал XІX «Энергамарафону», у які выйшлі 153 удзельнікі з 67 устаноў адукацыі, каб паспаборнічаць у шасці намінацыях, з асаблівай гасціннасцю прымаў Мінск. «Дэпартамент па энергаэфектыўнасці па чарзе праводзіць фіналы конкурсу ў кожным з гарадоў рэспублікі, — дадаў Віталь Крэцкі. — Прыемна тое, што нашы дзеці ідуць у нагу з часам, і тыя праекты практычных мерапрыемстваў, якія яны прапаноўваюць, цалкам адпавядаюць асноўным кірункам у сферы эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў, якія мы запланавалі рэалізоўваць у гэтай пяцігодцы».
І сапраўды, з кожным годам папулярнасць конкурсу нязменна расце, як і ўзровень падрыхтоўкі праектаў і творчых работ. Прадстаўленыя сёлета распрацоўкі ўражваюць не толькі крэатыўнасцю, але і тэхналагічнай сталасцю, дэманструючы глыбокае разуменне актуальных выклікаў энергетычнай галіны.
Сярод яскравых прыкладаў — распрацоўка з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа. Як адзначыў Віталь Крэцкі, яго навучэнцы прапанавалі праект накапляльніка электрычнай энергіі: «Сёння ў рамках паспяховай інтэграцыі Беларускай атамнай электрастанцыі ў нашу энергасістэму стаіць задача па ўкараненні сістэмы электранакаплення. Мы на гэтую пяцігодку ставім такую задачу, і дзеці ўжо прапаноўваюць адпаведныя праекты».
Не менш цікавыя рашэнні былі прадстаўлены і ў галіне выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. «Хлопцы з Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У. Ф. Міцкевіча прапаноўваюць стварэнне гелеацяпліц, — распавёў дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. — Яшчэ — назапашваць сонечную энергію ў гадзіны пік і ўвечары ці ў начны час аддаваць гэтую энергію на падтрыманне камфортнай тэмпературы ўнутры цяпліцы».
Такія праекты дэманструюць не толькі тэарэтычныя веды беларускай моладзі — гэта паказчык сістэмнага падыходу да энергазберажэння, арыентацыя на прымяненне такіх распрацовак у рэальным жыцці. «Варта адзначыць, што работа, якая праводзіцца ўстановамі адукацыі ў кірунку энергазберажэння, дастаткова шматгранная. З кожным годам адзначаецца ўсё большая зацікаўленасць у развіцці адукацыйнага працэсу, у тым ліку ўкараненні новых методык і спосабаў узаемадзеяння з навучэнцамі з мэтай іх стымулявання да разумнага энергаспажывання, — падкрэсліў дырэктар дэпартамента. — Упэўнены, сумеснымі намаганнямі мы зможам выхаваць пакаленне, якое беражліва адносіцца да энергарэсурсаў і ўпэўнена стаіць на варце ўстойлівага развіцця нашай краіны».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ