Top.Mail.Ru

У Мінску падвялі вынікі юбілейнага праекта «Каманда будучыні»

«Прыкладам для нас з’яўляецца наш Прэзідэнт»

У пятніцу ў Рэспубліканскім доме моладзі адбылася сустрэча кіраўніцтва Савета Рэспублікі з удзельнікамі і выпускнікамі лідарскай платформы «Каманда будучыні», падчас чаго былі падведзены вынікі дзесяці набораў гэтага ўнікальнага праекта Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі, які стаў сапраўднай школай для маладых кіраўнікоў.

Добры кадравы рэзерв

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што дэя правядзення праекта добра сябе зарэкамендавала і дае станоўчыя вынікі. Наталля Качанава заклікала маладых людзей да актыўнага дыялогу, падкрэсліўшы, што быць лідарам вельмі няпроста: «Лідарскія якасці, гавораць, павінны быць ад нараджэння. Малады чалавек не заўсёды разумее да канца, ці ёсць у яго задаткі лідара. Але калі ты па сваёй натуры добры чалавек, умееш любіць людзей, то стаць лідарам можна. Пры гэтым важна прайсці свой прафесійны шлях». Спікер падкрэсліла, што праект «Каманда будучыні» — гэта магчымасць маладым людзям раскрыць і ўбачыць сябе з боку, а грамадскай работай трэба займацца па закліку сэрца. 

Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна Рацькова адзначыла значнасць праекта: «Маладых, актыўных і крэатыўных людзей у фармаце на роўных мы навучаем, як весці перагаворы, як праводзіць міжнародныя сустрэчы, як прэзентаваць праекты, як у прынцыпе фарміраваць ідэю, і самі паралельна гэтаму вучымся. Таму вельмі радасна, што практычна кожны выпускнік праекта з’яўляецца актыўным прадстаўніком свайго маладзёжнага грамадскага аб’яднання і арганізацыі». Паводле яе слоў, усе ўдзельнікі праекта атрымалі пэўны трамплін у сваё маладое грамадска-палітычнае жыццё. Аліна Рацькова таксама заклікала ўсіх да актыўнай размовы. 


Падчас вялікага адкрытага дыялогу ўдзельнікі праекта задавалі пытанні спікеру Савета Рэспублікі. Маладых людзей, перш за ўсё, цікавілі пытанні размеркавання і замацавання спецыялістаў на месцах. Таксама паступалі прапановы ўводзіць больш практыкі для студэнтаў у навучальных установах. 

Падводзячы вынікі вялікага адкрытага дыялогу, Наталля Качанава падзякавала маладым людзям за актыўнасць. Спікер таксама прапанавала праводзіць сустрэчы з удзельнікамі праекта ў Савеце Рэспублікі раз на паўгода, дадаўшы, што ўдзельнікі праекта — гэта добры кадравы рэзерв, і ў гэтым няма сумненняў. 

«Гэтая пяцігодка — час моладзі»

Паводле слоў Наталлі Качанавай, добры кіраўнік атрымаецца толькі тады, калі ў яго будуць добрыя чалавечыя якасці. «Прыкладам для нас з’яўляецца наш Прэзідэнт, таму што ён любіць кожнага чалавека ў нашай краіне, робіць усё для таго, каб людзі тут жылі шчасліва», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Яна заклікала маладых людзей памятаць і цаніць тое, што ёсць на нашай зямлі, што зрабілі папярэднія пакаленні. «А зрабіць лепш — гэта ваша ўжо задача. Зрабіце лепш, мы толькі за, падтрымаем вас, заўсёды дапаможам, падставім плячо. Прыйшоў ваш час. Прэзідэнт сказаў: „Гэтая пяцігодка — час моладзі“, — прывяла словы беларускага лідара Наталля Качанава. — Але памятайце: самае галоўнае — вы павінны берагчы нашу краіну, вы павінны любіць наш народ. І дапамагайце тым, хто побач і хто мае патрэбу ў вашай дапамозе і падтрымцы».


У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што вызначыць маладзёжнага лідара заўсёды няпроста: «Але самае галоўнае, што ў гэтай платформе маладыя людзі вызначаюць сябе самі. Магчыма, да канца не разумеючы, што ў іх ёсць лідарскія якасці, яны ўдзельнічаюць у конкурсе, перамагаюць і на працягу паўгода працуюць разам, дзе вучацца аратарскаму мастацтву і камунікацыі. Малады чалавек не заўсёды разумее да канца, ці ёсць у яго задаткі лідара. Гэта вызначыць няпроста. І, напэўна, у працэсе свайго станаўлення ты можаш часам для сябе зрабіць нават адкрыццё, што ты можаш з’яўляцца лідарам — тым чалавекам, за якім пойдуць людзі». 

Хто такі малады лідар?

На думку ўдзельніка і выпускніка 10-га набору лідарскай платформы «Каманда будучыні», загадчыка кабінетам трансфузіялогіі Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы Мікіты Стыльмана, маладзёжны лідар — гэта той, хто не толькі прад’яўляе ініцыятыву, але і вядзе за сабой маладых людзей, маладое пакаленне. «За моладдзю стаіць будучыня, і гэта будучыня будуецца тут і цяпер. Таму малады лідар — гэта той, хто бярэ і робіць, паказвае прыклад». 

Удзельнік і выпускнік 10-га набору лідарскай платформы «Каманда будучыні», загадчыца філіяла Фаніпальскага гарадскога Дома культуры Ангеліна Шакола ўпэўненая: маладзёжны лідар — гэта той, хто бачыць, чым дыхае моладзь і як яе правільна накіраваць у светлую будучыню. «Гэта людзі, якія думаюць пра сваю краіну, пра сваіх блізкіх і ў першую чаргу ставяць карысць сваёй краіны і сваіх людзей на першае месца. Гэта людзі, якія робяць смелыя праекты, паказваюць сябе, удзельнічаюць у мерапрыемствах Маладзёжных саветаў у сябе ў раёнах і прапануюць ініцыятывы дзеля развіцця і будучыні свайго населенага пункта». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю