Top.Mail.Ru

У Мінску пасадзілі Алею Памяці гарадоў-герояў

Удзельнікі маладзёжнага форуму «Нашчадкі Вялікай Перамогі», які прымае наша краіна, учора пасадзілі Алею Памяці гарадоў-герояў у сталічным Парку Перамогі. Дванаццаць гарадоў-герояў і Брэсцкая крэпасць-герой навечна ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны — менавіта столькі дубоў высадзілі дэлегаты форуму.


— Для беларусаў пасадка алеі — добрая традыцыя, а для расіян — абсалютна новае дзейства. Многія з хлопцаў і дзяўчат, якія да нас прыехалі, рабілі гэта ўпершыню. Я ўпэўнены, што кожны дуб, пасаджаны з такой энергетыкай, абавязкова вырасце. А маладыя людзі з краіны-суседкі абавязкова ў будучыні будуць наведваць Беларусь, — падзяліўся Кірыл Шусцік, старшыня Маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дадаўшы, што форум атрымае працяг, і, магчыма, ідэю яго правядзення падхопяць калегі з Расіі.

Нагадаем, форум «Нашчадкі Вялікай Перамогі», які прысвечаны 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ініцыяваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Ён сабраў прадстаўнікоў усіх гарадоў-герояў Беларусі і Расіі. Гэта Мінск, Масква, Санкт-Пецярбург, Валгаград, Мурманск, Смаленск, Тула, Керч, Новарасійск, Севастопаль, а таксама Брэст, дзе размешчана Брэсцкая крэпасць — адзіная, якая мае званне «Крэпасць-герой».

Удзельнікі мерапрыемства не толькі пазнаёміліся з памятнымі мясцінамі нашай краіны, такімі як Хатынь, Курган Славы, Брэсцкая крэпасць, але і расказалі пра гераічнае мінулае свайго горада, падзяліліся асабістым вопытам работы па захаванні гістарычнай памяці. Кожнай дэлегацыі гарадоў-герояў уручаны сімвалічны знак са жменькай зямлі з усіх гарадоў-герояў Беларусі і Расіі.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю