Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што ў сталіцы ёсць пэўныя праблемы з рухам аўтатранспарту. У прыватнасці, жыхарам некаторых раёнаў даводзіцца выязджаць або на МКАД, або ў цэнтр горада, каб дабрацца да месца прызначэння. Па словах Уладзіміра Кухарава, гэта прыводзіць да сур’ёзных затораў.
У сувязі з гэтым горад прыступае да рэалізацыі маштабнага праекта, мэта якога — максімальна адаптаваць рух аўтатранспарту.
Адным з першых рашэнняў стаў пуцеправод Калеснікава—Ціміразева, які звяжа мікрараёны Каменная Горка і Лебядзіны. Работы ўжо пачаліся.
- Як паведаміў дырэктар ДП «Гардарбуд» Сяргей Панеў, на дадзены момант будаўнікі працуюць на працягу светлавога дня, але ў будучыні плануецца пераход на кругласутачны рэжым. «Пакуль стрымлівальным фактарам з’яўляецца выхад з зімы і тэхнічная немагчымасць пераносу ўсіх падземных камунікацый. Аднак ужо ў гэты міжацяпляльны сезон мы перанясём асноўныя магістральныя сеткі цеплазабеспячэння і пераключым электрыку. І ўжо поўным ходам прыступім да рэалізацыі», — сказаў ён.
Даўжыня новага пуцеправода складзе 290 метраў. Асноўны рух будзе ажыццяўляцца па трох палосах у кожным напрамку, але ў месцах скрыжаванняў колькасць палос будзе павялічвацца ў залежнасці ад прыярытэту напрамку. Першыя пралётныя збудаванні плануюць узвесці ўжо ў маі-чэрвені гэтага года.
Мэр Мінска паведаміў, што ў сталіцы пачынаецца рэалізацыя яшчэ аднаго праекта, які дазволіць звязаць Маскоўскі і Кастрычніцкі раёны, — падаўжэнне вул. Чурлёніса і будаўніцтва пуцеправода праз чыгунку на вул. Каржанеўскага. «Мы плануем завяршыць праектаванне да канца года і прыступіць да будаўніцтва ў наступным годзе», — дадаў старшыня.
Яшчэ адно рашэнне звяжа Кастрычніцкі і Ленінскі раёны: цяпер на этапе праектавання знаходзіцца падаўжэнне вул. Сярова і будаўніцтва пуцеправода праз чыгунку з выхадам на вул. Шпілеўскага.
Акрамя таго, у наступным годзе плануецца падоўжыць вул. Станіслава Манюшкі з узвядзеннем моста цераз Свіслач да вул. Малініна.
Завершыць стварэнне своеасаблівага транспартнага кальца будаўніцтва і пашырэнне вул. Шырокай.
«Я думаю, гэта створыць больш зручныя ўмовы для руху і лагістычныя ланцужкі, якія дапамогуць жыхарам выбраць аптымальныя маршруты па Мінску і значна знізяць нагрузку на цэнтр горада і кальцавую дарогу», — падкрэсліў Уладзімір Кухараў.
Таксама плануецца разгрузіць МКАД ад велікагрузаў. Пад Мінскам ужо будуецца пад’язная дарога ад МКАД-2 да прамвузла «Калядзічы». Велікагрузныя аўтамабілі змогуць заязджаць у прамвузел, абмінаючы Мінскую кальцавую аўтамабільную дарогу. З гэтай жа мэтай, па словах старшыні, плануецца злучыць перамычкай вуліцы Свіслацкую і Сяліцкага ў мікрараёне Шабаны, што дазволіць велікагрузам бесперашкодна выязджаць спачатку на дарогу М5, а потым ісці на МКАД-2.
Уладзімір Кухараў адзначыў, што ў выніку гэтых дзеянняў МКАД будзе выкарыстоўвацца практычна толькі легкавым аўтатранспартам, а рух па ёй стане больш камфортным дзякуючы прынятым рашэнням, якія дазволяць разгрузіць кальцавую дарогу. Акрамя таго, працягнецца работа па будаўніцтве інфармацыйнай інфраструктуры, што дапаможа рэгуляваць патокі на МКАД.
Яна ВАЛАСАЧ