Арганізатарамі творчага спаборніцтва, накіраванага на пошук новых талентаў і фарміраванне прафесійнага кадравага рэзерву беларускіх СМІ, традыцыйна выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пераможцы рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў вызначацца 4 і 5 лістапада 2025 года ў офісе Інфармацыйнага агенцтва «Мінская праўда».
Старт чацвёртаму сезону быў дадзены яшчэ ў ліпені на маладзёжнай платформе «Формула будучыні» ў рамках Дня Моладзі на XXXIV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». З 358 заявак, якія паступілі ў аргкамітэт конкурсу з розных куткоў краіны, прайшлі адбор на рэгіянальным узроўні і толькі потым былі дапушчаны да фіналу каля 100 лепшых праектаў. Усе ўдзельнікі — маладыя людзі ад 16 да 31 года. У вырашальным туры іх чакае сур’ёзнае выпрабаванне — прэзентацыя праектаў перад аўтарытэтным журы, якое ўзначаліць першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй КУНЦЭВІЧ.
4 лістапада маладыя аўтары прапануюць свае працы ў некалькіх намінацыях. Сярод іх — «Найлепшыя аўтарскія матэрыялы», куды ўвайшлі рэпартажы і спецыяльныя праекты, прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Асобныя намінацыі прадугледжаны для работ, накіраваных на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў, і для фотажурналістаў («Найлепшы фотарэпартаж»). 5 лістапада эстафету перахопяць стваральнікі відэакантэнту — за перамогу будуць змагацца паўсотні прэтэндэнтаў у наступных намінацыях: «Найлепшы відэасюжэт пра памятныя мясціны Беларусі, вядомых людзей, знамянальную падзею», «Найлепшы відэаблог», «Найлепшая аператарская работа» і «Найлепшы праект у новых медыя».
Па выніках двух дзён журы вызначыць 14 найлепшых удзельнікаў у дзвюх узроставых катэгорыях. Але імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу будуць агучаны толькі на Форуме маладых журналістаў, які запланаваны на 23 снежня.