На два дні, 27—28 жніўня, 150 выпускнікоў розных навучальных устаноў краіны пагрузіліся ў насычаную праграму з вялікай колькасцю інтэнсіваў, экскурсій і абмеркаванняў самых хвалюючых пытанняў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Мінскае гарадское аб'яднанне прафсаюзаў.
Адкрыты дыялог
Урачыстае адкрыццё форуму адбылося ў чацвер раніцай у Мінскім гарадскім тэхнапарку. Маладых спецыялістаў віталі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Дзмітрый Равуцкі, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран.

Падчас мерапрыемства ў моладзі была ўнікальная магчымасць задаць свае пытанні чыноўнікам напрамую і атрымаць разгорнутыя адказы з першых вуснаў.
— Прыемна, што ініцыятыва аб правядзенні форуму з'явілася ў год, калі Мінск аб'яўлены маладзёжнай сталіцай, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ. — Сёлета мінскія прадпрыемствы папоўнілі больш за 9 тысяч выпускнікоў розных устаноў адукацыі. На форуме мы будзем абмяркоўваць не толькі комплекс мер падтрымкі маладых спецыялістаў, але і замацаванне за імі настаўнікаў на прадпрыемствах.
Па словах Аляксандра Лук'янава, вельмі важна пачуць пункт гледжання маладых людзей, якія толькі робяць першыя крокі ў прафесіі, і падтрымаць іх:
— Мы хацелі б ведаць іх меркаванне па развіцці гарадской інфраструктуры. Што неабходна яшчэ зрабіць, каб яны пракладвалі свой кар'ерны шлях на гады наперад і паступова станавіліся кампетэнтнымі спецыялістамі і патрыётамі нашай Радзімы.

Асабісты вопыт
Форум сапраўды сабраў прадстаўнікоў самых розных спецыяльнасцяў. З якімі пачуццямі пачынаюць яны свой прафесійны шлях? Што іх хвалюе, аб чым перажываюць?
— Сёлета я выдатна скончыў філалагічны факультэт БДПУ імя М. Танка, — расказаў малады спецыяліст, настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 178 горада Мінска імя Т. А. Лук'яновіча Арсеній ГАРДЗЕЕЎ. — Вось-вось пачнецца новы навучальны год, але гэта не выклікае ў мяне ніякіх хваляванняў, таму што я працую па сваёй спецыяльнасці яшчэ са студэнцтва, і агульны стаж у мяне ўжо паўтара гады. Да таго ж я вырас у сям'і педагогаў, якія ўсё жыццё прапрацавалі на карысць Савецкага раёна. Працягнуць іх справу — вялікі гонар для мяне.

Адметна і тое, што пасля атрымання дыплома Арсеній вярнуўся ў школу, у якой сам вучыўся:
— Сустрэлі цудоўна! Да таго ж за мной замацавалі настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, які вучыў мяне яшчэ, калі я сам быў школьнікам. Жаданне адно — працягваць развівацца ў прафесіі.
А вось настаўнік матэматыкі і інфарматыкі школы № 9 горада Мінска імя У. І. Шчарбацэвіча Анастасія КУЛІК ужо год у статусе маладога спецыяліста:

— Праца вельмі падабаецца, калектыў прыняў сардэчна. Пры неабходнасці дасведчаныя калегі заўсёды гатовы дапамагчы, нешта падказаць. За мной замацавалі вопытную настаўніцу, якая дапамагала мне як са сшыткамі, так і з планамі ўрокаў для дзяцей — правярала, ці ўсё ў мяне добра, давала сумленныя і карысныя рэкамендацыі.
За час працы ў Анастасіі Кулік ужо з'явіліся свае педагагічныя хітрасці:
— Лічу сябе строгім, але справядлівым настаўнікам. Перш чым пачаць работу з новым класам, першыя 20 хвілін назіраю за дзецьмі. За гэты час прыкмячаю, хто з'яўляецца лідарам, хто непаседай — а далей шукаю індывідуальны падыход да кожнага.
Вядучы інжынер Беларускай чыгункі Дзмітрый ШУМСКІ скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Патрапіць на размеркаванне ў сталіцу было яго запаветнай марай яшчэ са школьных гадоў:

— Лічу, што ў мяне проста выдатнае размеркаванне! Маё працоўнае месца знаходзіцца ў самым сэрцы сталіцы. Ды і падтрымка работадаўцы аказалася вельмі значнай. Сам я родам з Рэчыцы, таму мне выплацілі пад'ёмныя за пераезд. Акрамя таго, за арэнду кватэры ў Мінску мне кампенсуюць 10 базавых велічынь.
...Інтэнсівы, экскурсіі, дыялогі з уладай і нават забаўляльная праграма з катаннем на каньках. Застаецца пажадаць, каб гэты форум стаў добрай традыцыяй і працягнуў аб'ядноўваць моладзь зноў і зноў.

Даслоўна
У рамках дыялогавай пляцоўкі І Форума маладых спецыялістаў Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адказала на пытанне ўдзельніцы аб балансе паміж асабістым жыццём і прафесійным ростам, падзяліўшыся асабістым вопытам і дзяржаўным бачаннем:
— Не варта ставіць сябе перад штучным выбарам паміж кар’ерай і сям’ёй. Сям’я, дзеці і сямейнае цяпло — гэта найвялікшая каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека. Калі ёсць надзейная падтрымка блізкіх, абавязкова прыйдуць і прафесійныя поспехі. Сама я пачынала шлях у дзяржаўнай службе, ужо маючы сям’ю, і заўсёды проста старалася з любоўю і адказнасцю ставіцца да даручанай справы.
Сёння ў нашай краіне створана маштабная сістэма падтрымкі мацярынства і дзяцінства: ад трохгадовага водпуску па доглядзе дзіцяці і сацыяльных выплат да магчымасцяў вырашэння жыллёвых пытанняў. Дэмаграфічная бяспека — адзін з ключавых прыярытэтаў развіцця Беларусі. Мы шчыра хочам, каб нашы маладыя спецыялісты паспяхова рэалізоўвалі свой патэнцыял у прафесіі і былі шчаслівыя ў сямейным жыцці.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара