На пляцоўцы «Прэзідэнт-Атэля» адбылося адкрыццё VIII практычнай канферэнцыі «Сацыяльна-працоўныя адносіны: юрыдычныя і бухгалтарскія аспекты». Пра гэта паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое выступіла арганізатарам мерапрыемства пры падтрымцы кампаніі «ЮрСпектр». Ад імя ведамства ўдзельнікаў віталі намеснікі міністра Алег ТАКУН і Юлія БЕРДНІКАВА.
У сваім выступленні Алег Такун падкрэсліў: беларускае працоўнае заканадаўства за апошнія гады стала больш сучасным і збалансаваным. Ён таксама адзначыў важную ролю канферэнцыі ў развіцці дыялога паміж тэарэтыкамі — прадстаўнікамі міністэрства — і практыкамі: юрыстамі, бухгалтарамі, кадравымі спецыялістамі. Такія мерапрыемствы, паводле слоў намесніка міністра, садзейнічаюць абмеркаванню самых актуальных праблем і пытанняў сферы.
У сваю чаргу, Юлія Берднікава расказала аб ключавых змяненнях у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і ўдасканаленні інфармацыйнага ўзаемадзеяння для іх рэалізацыі. Сярод самых значных новаўвядзенняў — спрашчэнне працэдуры ўзносаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер ІП могуць выплачваць іх без неабходнасці здачы справаздачнасці ў ФСАН, а ўвесь працэс пераведзены ў дыстанцыйны фармат. Дарэчы, паводле звестак Мінпрацы, у 2024 годзе 230 тысяч прадпрымальнікаў прадставілі справаздачнасць у органы ФСАН.
Для самазанятых грамадзян, якія плацяць падатак на прафесійны даход, цяпер даступна магчымасць добраахвотна даплачваць узносы для фарміравання будучай пенсіі. Сума разлічваецца аўтаматычна і адлюстроўваецца ў сістэме АРІП і ў «Асабістым кабінеце плацельшчыка ўзносаў». За паўтара месяца гэтай опцыяй скарысталіся больш за 750 чалавек.
Яшчэ адна важная змена датычыцца барацьбы з неафіцыйнымі выплатамі заработнай платы. Для кампаній, якія практыкуюць выдачу зарплаты «ў канвертах», устаноўлены строгі парадак выплаты узносаў: работадаўца абавязаны заплаціць 35 % ад фактычна налічанай сумы, але не менш за 1/30 ад пяці сярэдніх заробкаў па краіне за кожны дзень парушэння.
Аміна НАЗАРАВА