На парадку дня — разгляд пытанняў судовай практыкі замены пакарання больш строгім у выпадку злоснага ўхілення ад яго адбывання.
Раней за падобныя дзеянні наступала крымінальная адказнасць, а разам з ёй і такія наступствы, як паўторная судзімасць або рэцыдыў. Але ў 2021 годзе ў крымінальнае і крымінальна-выканаўчае заканадаўства нашай краіны былі ўнесены змяненні, якія даюць магчымасць замяніць пакаранне на больш строгае выключна ў рамках выканання ўжо вынесенага прыгавору, без узбуджэння новай крымінальнай справы. Адпаведна, у чалавека не ўзнікае новай судзімасці і рэцыдыву.
«Эфектыўнасць крымінальна-прававой палітыкі вызначаецца ступенню гуманізацыі крымінальнага заканадаўства і практыкі. Сёння мы назіраем агульны трэнд на змякчэнне пакарання з аднаго боку і аператыўнае рэагаванне заканадаўцы і правапрымяняльніка на новыя выклікі, звязаныя з грамадскай бяспекай, — з іншага, — падкрэсліў Старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй ШВЕД. — Таму фарміруецца запыт грамадства на адэкватны падыход да мер, накіраваных на забеспячэнне правапарадку і справядлівасці крымінальна-прававой палітыкі нашай дзяржавы».
І тэма, якая разглядалася на пасяджэнні Пленума, у многім пераклікаецца з гэтай задачай, адзначыў Андрэй Швед. Але за пяць гадоў прымянення судовай практыкі замены пакарання больш строгім выявіўся шэраг праблемных пытанняў. Каб па іх не было розначытанняў, а рашэнні прымаліся аднастайна, было вырашана прааналізаваць і растлумачыць, як працуе гэты механізм. На пасяджэнні абмяркоўвалася таксама яго збалансаванасць, тое, як за пяць гадоў існавання інстытута змянілася сітуацыя са злачыннасцю ў краіне і як ён паўплываў на нагрузку на судовую сістэму.
Акрамя таго, увага была звернутая на абавязковую ўмову, пры якой магчыма замена пакарання на больш строгае, — злоснасць ухілення асуджанага ад адбывання прызначанага яму пакарання, — а таксама на недапушчальнасць фармальнага падыходу пры вывучэнні судамі ўсіх матэрыялаў. «Мы прааналізавалі судовую практыку з моманту ўвядзення ў 2021 годзе гэтага інстытута. Выяўлены вузкія месцы і праблемы ў дзейнасці органаў, што выконваюць пакаранні, і судоў пры разглядзе пытанняў аб замене пакарання больш строгім», — адзначыў Андрэй Швед.
Вынікам жа работы Пленума стане пастанова, у якой судам будуць дадзены дакладныя і структураваныя тлумачэнні аб тым, як прымяняць нормы закона на практыцы: пачынаючы ад паступлення ў суд прадстаўлення органа або ўстановы, якія ведаюць выкананнем пакарання, і заканчваючы непасрэдна працэдурай разгляду матэрыялаў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА