Сярод удзельнікаў форуму, тэма якога «Прыкладныя аспекты навуковай дзейнасці ў галіне абароны і бяспекі дзяржавы», — прадстаўнікі Узброеных Сіл Беларусі, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, ВНУ, навуковых арганізацый і прадпрыемстваў абароннага сектара эканомікі, а таксама прадстаўнікі навуковых арганізацый і ўзброеных сіл дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Як адзначыў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел МУРАВЕЙКА, канферэнцыя накіравана на вывучэнне навуковай дзейнасці і яе прыкладных аспектаў у інтарэсах абароны і бяспекі. «У кантэксце нарады ў Прэзідэнта па пытаннях навукі магу сказаць, што намі зроблены ўпор на прыкладны характар даследаванняў, якія праводзяць нашы вучоныя», — удакладніў ён.

Па словах начальніка Генштаба, канфлікты, якія цяпер адбываюцца ў свеце, даюць рацыянальнае зерне для ўкаранення навуковых распрацовак у ваенную сферу. «Іх можна выкарыстоўваць у будаўніцтве і развіцці ўласных Узброеных Сіл, удасканаленні тэорыі і практыкі забеспячэння ваеннай бяспекі, развіцці ваеннага мастацтва, удасканалення тых ці іншых элементаў у рамках тэарэтычнай падрыхтоўкі будучых афіцэраў, дзеючых ваеннаслужачых», — канкрэтызаваў Павел Муравейка.
Як праінфармаваў першы намеснік міністра абароны, падчас канферэнцыі ў тым ліку плануецца разгледзець і параўнаць падыходы да ацэнкі характару і зместу сучасных ваенных канфліктаў з улікам асноўных дакументаў у абароннай галіне: Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Галоўная мэта канферэнцыі, па яго словах, заключаецца ў вызначэнні прыярытэтных кірункаў, іх рэалізацыі ў далейшай практыцы войскаў.
«Больш за тое, нашы Узброеныя Сілы падышлі да чарговага этапу планавання свайго будаўніцтва і развіцця на найбліжэйшую пяцігодку, — дадаў Павел Муравейка. — Матэрыялы канферэнцыі, тыя напрацоўкі, якія былі зроблены вучонымі на працягу гэтага і мінулага гадоў, будуць закладзены ў новы план будаўніцтва і развіцця ў рамках асноўных прыярытэтных кірункаў развіцця нашай арміі. Упэўнены, што матэрыялы, якія прадстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне, будуць запатрабаваны ў дзяржавах СНД, АДКБ, у нашых найбліжэйшых сяброў».
На важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў у кантэксце ўзмацнення супрацоўніцтва і абмену вопытам у абароннай сферы ўказаў ваенны аташэ Ірана ў Беларусі Алі ТАВАКАЛІ. «Падчас выставы, арганізаванай у рамках канферэнцыі, давялося азнаёміцца з узорамі мастацтва беларускай ваеннай навукі, — удакладніў ён. — Сёння на полі бою надзвычай важна выкарыстоўваць высокатэхналагічнае абсталяванне, у тым ліку для разведкі. У Беларусі ствараецца рэальная прадукцыя: не толькі сродкі паражэння, узбраенне, а і сродкі абслугоўвання і рамонту спецыяльнай і ваеннай тэхнікі».

Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Міністэрства абароны