Гэты прадстаўнічы форум (у беларускую сталіцу з’ехалася каля паўтысячы ўдзельнікаў) з’яўляецца ўнікальнай міжнароднай пляцоўкай для эфектыўнага процідзеяння незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі і абароны правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, паведаміла БелТА.
Як адзначыла намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля ПЯТКЕВІЧ, сёлета Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС. «Кантрафакт — не толькі пагроза для добрасумленных вытворцаў і праваўладальнікаў, але і маштабны выклік для дзяржавы, эканомікі, бізнесу, міжнароднага супрацоўніцтва і, што яшчэ больш важна, бяспекі людзей», — адзначыла Наталля Пяткевіч.
Віцэ-прэм’ер дадала, што Беларусь узяла найлепшае з савецкіх часоў, у тым ліку найвышэйшую якасць вытворчасці — ад прадуктаў харчавання да машынабудавання, фармацэўтыкі і іншых тавараў. «Мы вельмі беражом імя сваіх брэндаў, сваю рэпутацыю. Тыя рэпутацыйныя выдаткі, якія могуць быць нанесены за кошт кантрафакту, часам нават вышэйшыя, чым падатковыя выдаткі або непаступленні (падаткаў. — Заўв. рэд.)», — дадала Наталля Пяткевіч. У якасці прыкладу яна прывяла факты падробкі беларускіх прадуктаў харчавання, у тым ліку згушчонкі, глазураваных сыркоў.
У Беларусі тэма дзяржаўных стандартаў і абароны інтэлектуальнай уласнасці знаходзіцца на прыярытэтным узроўні ўвагі, падкрэсліла Наталля Пяткевіч. «Мы ў многіх пытаннях з’яўляемся флагманамі, а там, дзе такімі не з’яўляемся, — актыўнымі праваднікамі барацьбы за высокія стандарты якасці і барацьбы з кантрафактам, — сказала Наталля Пяткевіч, дадаўшы, што ва ўмовах глабалізацыі, лічбавізацыі, імклівага развіцця рынку тэма набывае яшчэ большае значэнне. — Задача нумар адзін — выпрацаваць эфектыўную сістэму аховы інтэлектуальных правоў, каб і абараніць прадукцыю, і дазволіць своечасова выявіць парушэнні, і, самае галоўнае, іх папярэджваць».
Віцэ-прэм’ер таксама звярнула ўвагу на неабходнасць фарміравання культуры захавання правоў інтэлектуальнай уласнасці, выплаты падаткаў. «Барацьба з кантрафактам, асабліва ў цяперашніх умовах, немагчымая без узаемадзеяння дзяржаўных органаў як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. І Еўразійскі эканамічны саюз — тая ўнікальная і плённая пляцоўка, якая праявіла ўжо кансалідацыю ў гэтым пытанні», — адзначыла Наталля Пяткевіч.
Значнасць абароны рынкаў ад кантрафактнай прадукцыі асабліва ўзрастае ў апошнія гады, падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей ШЛЫЧКОЎ. Гэта звязана з тэхнічным прагрэсам і бурным укараненнем інавацыйных распрацовак у эканоміку і іншыя сферы. Паводле меркавання
Сяргея Шлычкова, ва ўмовах імклівага росту тавараабароту і лічбавізацыі гандлю назіраецца актыўнае распаўсюджванне кантрафактнай прадукцыі ў лічбавай прасторы. Усё гэта патрабуе прыняцця эфектыўных мер па выяўленні і спыненні выхаду кантрафакту на рынкі.