Штогод 14 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. З гэтай нагоды ў краіне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, да якіх падключаюцца і медыцынскія ўстановы, і грамадскія аб’яднанні. Адну з такіх акцый правяла Мінская гарадская арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа ў сталічнай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
У наш час, век машын, транспарту і тэхналогій, колькасць траўматызму, крывацёкаў, павялічваецца. І, нягледзячы на развіццё медыцыны, сістэма аховы здароўя гэтак жа, як і 100 гадоў таму, 30 гадоў, 10 гадоў таму, мае патрэбу ў крыві. Колькі крыві ідзе на выратаванне жыцця аднаго пацыента, расказала галоўны ўрач Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Святліцкая.


— У пачатку чэрвеня 29-гадовая мінчанка была збітая аўтамабілем на дарозе нашага горада і паступіла з цяжкай траўмай, з гемарагічным шокам.


Па выніку ёй была пераліта колькасць крыві, роўная забору ад 48 донараў. Тры месяцы ў нас знаходзілася 33-гадовая жанчына з апёкавай траўмай. Мы яе выхадзілі, але каб выратаваць яе жыццё, ёй было пераліта 36 літраў крыві, 21 літр плазмы, 123 дозы трамбацытаў і 64 дозы такога прэпарату, як крыапрэцыпітат. І калі мы пералічылі, колькі беларусаў прыняло ўдзел у выратаванні гэтага жыцця, атрымалася, што 172 донары аддалі часцінку сябе, каб гэта маладая маці вярнулася да сваіх дзетак, — расказала Вольга Святліцкая, дадаўшы, што трэба культываваць жаданне людзей дапамагаць сваім суайчыннікам.


Як адзначыла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Раманія Зорына, такія акцыі праводзяцца ў некалькіх установах аховы здароўя Мінска.
— Лічым адным з важных напрамкаў сваёй работы прапаганду бязвыплатнага донарства і прыцягненне большай колькасці мінчан да руху. Бо здаць кроў — гэта не толькі праява міласэрнасці, дабрыні, але і грамадзянская пазіцыя, — падзялілася яна. — Вітаем тых, хто прыйшоў упершыню, і чакаем іх паўторна. Стаць донарам няцяжка — трэба толькі жаданне і медыцынскае абследаванне на супрацьпаказанні.


Загадчыца гарадскога цэнтра трансфузіялогіі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Алена Бахарава адзначыла, што ў дзень цэнтр прымае каля 30-40 донараў. Аб’ём нарыхтоўкі складае 5 тысяч літраў цэльнай крыві ў год. Яна перапрацоўваецца на кампаненты, якія пры пэўных умовах могуць захоўвацца дастаткова працяглы час.
— Донарам можа стаць любы грамадзянін Беларусі або асобы, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, узростам ад 18 да 65 гадоў і вагой ад 55 кг, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў, што ўключаюць у тым ліку цукровы дыябет, ішэмічную хваробу сэрца. Нават нядаўняе наведванне стаматолага або перанесеная касметалагічная працэдура з’яўляюцца часовым супрацьпаказаннем, — расказала Алена Бахарава.


Як падкрэсліў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч, беларусы — спагадлівая нацыя. У горадзе работа праводзіцца на пастаяннай аснове, а сённяшняя акцыя — дадатковая нагода прыцягнуць увагу да донарства.
— Хочацца ў гэты дзень падзякаваць тым людзям, якія знаходзяць час, сілы, каб здаць сваю кроў і дапамагчы, — адзначыў ён. — Гэта добрая справа абавязкова выратуе нечае жыццё.

Алена КРАВЕЦ
Фота Ксеніі ЛІННІК