Top.Mail.Ru

У Мінску прайшоў агляд-конкурс на лепшы двор

Музычныя лавачкі, альтанка з бескантактавай зарадкай для мабільніка, мініятурны тэатр. Што яшчэ здзівіла падчас аб’езду дваровых тэрыторый кожнага раёна сталіцы для агляду-конкурсу — у матэрыяле карэспандэнта «Звязды».



У аглядзе лакацый узялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун, кіраўніцтва Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, а таксама прадстаўнікі адміністрацый раёнаў. Вынікі падвядуць пазней, а пры ацэнцы будуць улічваць некалькі паказчыкаў. Напрыклад, змест дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання, азеляненне і кветкавае афармленне, санітарны стан прыдамавой тэрыторыі, удзел насельніцтва ў добраўпарадкаванні.

«Рэлакс» у Кастрычніцкім

Першым пунктам стаў двор у Кастрычніцкім раёне (вул.Магілёўская, 32-34/2) пад назвай «Рэлакс». Гасцей сустракала намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду ЖКГ Ала Бушыла. Яна паказала фота, як выглядала лакацыя да ўладкавання (гэтая працэдура была і на ўсіх астатніх кропках), і расказала аб тым, што змянілася.

Октябрьский.jpg

«Работы мы пачалі ў 2024 годзе. У 2025-м сумесна з інстытутам добраўпарадкавання распрацавалі канцэптуальную прапанову. Тут прадугледжана кругавая дарожка, па якой могуць катацца дзеці на самакатах і роварах. Замянілі дзіцячае гульнявое абсталяванне. «Рэлакс» прадугледжаны не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Да іх паслуг дзве варкаўт-пляцоўкі. Ёсць шэзлонгі: два з іх ўстаноўлены на сонечнай частцы, яшчэ два — у цяні. Ёсць лавачкі, але важная фішка двара — музычныя інструменты. У арцы дома ёсць месца для захоўвання ровараў», — адзначыла Ала Бушыла.

Звярнулі ўвагу на афарбоўку ўваходных груп. На Магілёўскай, 34/2, у кожнай свой колер; на Магілёўскай, 32, мастак захаваў чатыры пары года. Дарэчы, у гэтым двары для жыхароў арганізаваны бескантактавы доступ у пад'езды. Для гэтага неабходна ўстанавіць дадатак на тэлефон і плаціць за паслугу некалькі рублёў у месяц.

«Маленькая краіна пазнайкі» ў Ленінскім

Паказальны двор у Ленінскім называецца «Маленькая краіна пазнайкі» (праспект Ракасоўскага, 105). Намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду раёна Аксана Андруховіч патлумачыла канцэпцыю і напаўненне. Паводле яе слоў, яны хацелі паказаць дзецям буйныя прадпрыемствы ў Беларусі, якімі можна і трэба ганарыцца. 

Чиновники.jpg

Гэта намалявана ў форме дзіцячага гульнявога абсталявання — трактар, грузавік, ракета, палаткі. А яшчэ ёсць альтанка з варыянтам бескантактавай падзарадкі мабільнага тэлефона. Пад навесам схаваўся комплекс антывандальных трэнажораў, а побач сімпатычна распісалі будынак трансфарматарнай падстанцыі. Дарэчы, лакацыю «Гіганцкія шашкі» (дошку і фігуры) зрабілі самі жыхары. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун нават праверыў, наколькі практычная гэтая лакацыя, згуляўшы партыю ў шашкі.

Музычныя лаўкі і тэатр у Заводскім

Наступны прыпынак — у Заводскім раёне (вуліца Крупскай, 8). Дырэктар раённага ЖКГ Міхаіл Варыкаш паведаміў, што на пляцоўцы «Мелодыі дзяцінства» прыбралі старую падставу і было завезена 60 кубоў пяску. У цёплае надвор'е дзеці (а таксама іх бацькі) могуць разувацца і хадзіць басанож. Для дзяцей прадугледжана новае гульнявое абсталяванне. На пляцоўку прыходзяць бацькі з дзецьмі з суседніх кварталаў. Адна з матуль паведаміла, што прыязджае сюды пару разоў на тыдзень з Чыжоўкі. Яе дзіцяці падабаюцца гульнявыя элементы.

За кошт насельніцтва ўстаноўлены музычныя лаўкі. Побач з кожнай ёсць таблічка з QR-кодам, якая адсылае да дзіцячых песень. Класная знаходка — тэатр. Гэта мініяцюрная сцэна, прызначаная для дзіцячых гульняў, а побач лавачкі для гледачоў. Сюды прыводзяць выхавальнікі рабят з бліжэйшага дзіцячага садка. Карыстаецца попытам і варкаўт-пляцоўка.

«Гарадскі рэлакс» у Партызанскім

Партизанский.jpg

Едзем у Партызанскі раён, дзе гарадскую камісію чакаюць па адрасе вуліца Даўгабродская, 10/2. Двор гэтага дома назвалі «Гарадскі рэлакс». Тут была праведзена маштабная работа. Прычым абнаўленнем і рамонтам абсталявання не абмежаваліся. У прыватнасці, быў устаноўлены сучасны дзіцячы гульнявы комплекс. З'явілася і разумная лаўка з асвятленнем: можна не толькі пасядзець, але і зарадзіць свае гаджэты. 

Новы гульнявы комплекс у Першамайскі

Абсталяванне на дзіцячай пляцоўцы дома № 127 на праспекце Незалежнасці (Першамайскі раён) састарэла, таму тут вырашылі замяніць літаральна ўсё: паклалі гумовае пакрыццё, устанавілі яркі дзіцячы гульнявы комплекс. 

Первомайский.jpg

З'явіліся стэнды, якія развіваюць у дзяцей дробную маторыку, памяць, лагічнае мысленне. Пляцоўка не пустуе і будзе запатрабаваная і ў далейшым — на найблізкай тэрыторыі пражываюць 250 дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў і больш за 1,3 тысячы — ад 7 да 14 гадоў. Дзейную дапамогу ў добраўпарадкаванні аказалі мясцовыя жыхары, якія разбілі клумбы са шматгадовымі раслінамі. 

«Добрыя суседзі» ў Савецкім

Наступны прыпынак робім у Савецкім раёне. Па адрасе: Лагойскі тракт, 19/2, быў распрацаваны і рэалізаваны праект «Добрыя суседзі». Сур'ёзную лепту ў стварэнне гэтай зоны адпачынку таксама ўнеслі мясцовыя жыхары. Яны вельмі актыўныя, заўсёды прымаюць удзел у работах па добраўпарадкаванні і ўтрыманні дваровай тэрыторыі — выходзяць на суботнікі, удзельнічаюць у пасадцы зялёных насаджэнняў, прыглядаюць за захаванасцю малых архітэктурных формаў. Пры рэалізацыі праекта былі задзейнічаны розныя крыніцы фінансавання. Гульнявы комплекс устаноўлены пры рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы. 

Советский.jpg

Экалагічны вугалок — пры ўдзеле КОТГС-59, а таксама выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа рамесніцтва і дызайну імя Кедышкі. Экалагічная зона не толькі прыгожа выканана — яна нясе пазнавальную функцыю. Перайшоўшы па QR-коду, можна даведацца больш падрабязную інфармацыю пра птушак і жывёл — прадстаўніках Чырвонай кнігі. А яшчэ тут у цяні ўстаноўлены дзве лаўкі, сеўшы на якія, можна таксама згуляць у шашкі.

Спартыўная пляцоўка і гульнявы комплекс у Цэнтральным

На дваровай тэрыторыі ў Цэнтральным раёне (бульвар Шаўчэнкі, 10, 12, — вуліца Гая, 9, 11, — вуліца Асіпенкі, 28, 30, 32) для дзяцей таксама ўстанавілі гульнявы комплекс. Замянілі старыя кантэйнерныя пляцоўкі на модульныя канструкцыі для збору адходаў. 

Центральный.jpg

Сур'ёзныя змены зведала мясцовая спартыўная пляцоўка. Калі раней яна была абгароджана сеткай-рабіцай, якая ўвесь час прыходзіла ў непрыдатнасць, то цяпер аб'ект па ўсім перыметры акружае іншая сетка — больш даўгавечная. Таксама на пляцоўцы паклалі новае пакрыццё. Абсталявана на дваровай тэрыторыі і варкаўт-пляцоўка.

«Тэрыторыя пакаленняў» ва Фрунзенскім

Перамяшчаемся ў Фрунзенскі. Дамам № 49, 51, 53 на вуліцы Жудро ў 2025-м споўнілася 50 гадоў, таму яны былі ўключаныя ў праграму капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Падчас работ абнавілі фасады, правялі комплекснае добраўпарадкаванне тэрыторыі з поўнай заменай асфальтабетоннага пакрыцця, заменай бартавога каменя, устройствам тратуараў. Каля кожнага дома ўстанавілі модульныя канструкцыі для збору адходаў, з'явілася новае дзіцячае гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Мясцовая зона адпачынку носіць назву «Тэрыторыя пакаленняў» не выпадкова. На гэтай лакацыі могуць выдатна правесці час людзі ўсіх узростаў.

Варкаўт-комплекс і арыгінальныя лаўкі ў Маскоўскім

Московский.jpg

Апошні прыпынак робім у Маскоўскім раёне (вул. Рафіева, 25/1). Тут устанавілі 14 адзінак дзіцячага гульнявога і 3 — спартыўнага абсталявання. За кошт сродкаў аднаго з суб'ектаў гаспадарання ў двары з'явіўся варкаўт-комплекс, дзякуючы яшчэ адной арганізацыі — дзве арыгінальныя лаўкі. Таксама замянілі больш за 30 адзінак малых архітэктурных формаў, выканана поўная замена асфальтабетоннага пакрыцця пешаходных сувязяў, устаноўлены модульныя канструкцыі для збору адходаў.

«Самае каштоўнае для нас было разабрацца, як на пераўтварэнні рэагуюць мясцовыя жыхары»

«Як вядома, 2025-ы — Год добраўпарадкавання, таму сёння ў кожным з раёнаў мы паглядзелі і ацанілі лепшыя двары ні многа ні мала па 12 пазіцыях. Самае каштоўнае для нас было разабрацца, як на пераўтварэнні рэагуюць мясцовыя жыхары, наколькі ім камфортна і зручна. Іх заўвагі будуць вывучаны і ўлічаны. Па традыцыі лепшых у конкурсе мы назавем напярэдадні Дня горада», — падагульніў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Мінскага гарвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю