Адна з яркіх падзей маштабнага «Душэўнага фестывалю», які завершыцца 18 кастрычніка, сабрала на сцэне Мінскага гарадскога палаца культуры больш за два дзясяткі калектываў і салістаў з Беларусі і Расіі. І ўсё дзеля аднаго — даказаць, што народная музыка жыве, развіваецца і працягвае заваёўваць сэрцы публікі. Мэтай конкурсу стала падтрымка і развіццё народнага музычнага мастацтва, адкрыццё новых імён і папулярызацыя маладых талентаў.
Захоўваючы адвечнае, адкрываць новае
Шлях да фіналу быў доўгім. З 1 мая па 31 ліпеня 2025 года арганізатары ацэньвалі відэазапісы выступленняў, атрымаўшы ў выніку больш за сотню работ. Пасля строгага завочнага адбору былі вызначаны 27 фіналістаў, якія 16 кастрычніка і змагаліся за званне найлепшых. Важна адзначыць, што конкурс даў шанц праявіць сябе тым, хто толькі пачынае свой шлях, чый талент яшчэ не адзначаны высокімі ўзнагародамі: да ўдзелу дапускаліся толькі тыя калектывы і салісты, якія не маюць званняў «заслужаны» або «народны». Удзельнікі прадставілі на суд журы нумары, дзе традыцыйныя матывы змяшаліся з аўтарскімі інтэрпрэтацыямі і смелымі сучаснымі стылізацыямі народных песень. А іх інструменты — баян, гармонік, цымбалы, балалайка, акардэон — стварылі той самы, вядомы з першых нот фальклорны каларыт. Старшыня журы, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр КРАМКО таксама падкрэсліў глыбокую культурную значнасць падзеі: «Удзельнікі конкурсу не забываюць свае традыцыі, пры гэтым надаюць нейкі новы подых песням, якія стагоддзямі захоўваліся. Прычым гэта проста жаданне людзей, не звязаных з мастацтвам, якія любяць і шануюць творчасць, прыходзяць на рэпетыцыі ў свае калектывы, спяваюць, іграюць і з задавальненнем выступаюць, што дарагога варта».
Для членаў журы, у склад якога ўвайшлі вядучыя прафесіяналы музычнай сферы, прадстаўнікі Міністэрства культуры і вядомыя педагогі, галоўнымі крытэрыямі адзнакі сталі яркасць, цэласнасць нумара, артыстызм і захаванне аўтэнтычнасці. Але, як адзначыла Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, артыстка заслужанага ансамбля народнай музыкі «Бяседа», крытэрыяў увогуле шмат: «Гэта і эстэтычнае задавальненне, таксама павінна быць захавана канцэпцыя і песні, і знешняга выгляду, і рэпертуар павінен быць прадуманым, падабраным адпаведна з галасавымі данымі, — падзялілася член журы. — Наша зямля настолькі багатая талентамі, і нават калі некаторыя выканаўцы не раскрываюцца на 100 %, менавіта на такіх грандыёзных мерапрыемствах чалавек можа праявіць сябе настолькі, што гэта будзе феерычна і ярка, самабытна, па-беларуску».
Твар народа — у яго музыцы
Фіналісты спаборнічалі ў трох намінацыях: вакальнае сола, вакальны ансамбль і інструментальны ансамбль. Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі, Гран-пры — грашовую ўзнагароду ў памеры 3000 рублёў і ганаровае права выступіць на заключным гала-канцэрце, які пройдзе
18 кастрычніка ў Палацы спорту, — атрымаў ансамбль «Чарніца» з Заслаўя. Эмоцыямі пасля перамогі падзялілася кіраўнік калектыву Ірына Лебедзева: «Мы разлічвалі на адно з прызавых месцаў, але вось Гран-пры стаў поўным сюрпрызам. Дзяўчаты нават заплакалі ад шчасця. У складзе нашага ансамбля няма прафесійных музыкантаў, таму гэта наша вялікае дасягненне і самая вялікая перамога».
«Душэўны фестываль», часткай якога стаў конкурс, сёлета прайшоў ужо другі раз. Летась ён сабраў больш за 12 тысяч гледачоў, а тэлевізійныя паўторы канцэртаў цэлы год збіралі каля экранаў шматтысячную аўдыторыю. Сёлета фестываль зноў аб’яднаў пакаленні, прапанаваўшы за тры дні акунуцца ў тры розныя музычныя светы: шансон, поп-фолк і настальгічную музыку 1990-х. А конкурс «Душа народная», у сваю чаргу, працягнуў сваю важную місію: даказаць, што народнае мастацтва — не застылая форма, а жывая душа народа, нават калі класічныя мелодыі знаходзяць сваё сучаснае гучанне. На такіх конкурсах, як падкрэсліў старшыня журы Аляксандр Крамко, «артысты сябе паказваюць і на іншых глядзяць». Вобраз кожнай нацыянальнасці вызначаецца ў яго танцах, музыцы, у яго песнях. Наша культура жыве і квітнее — і гэта самае галоўнае.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА