Top.Mail.Ru

У Мінску прайшоў фінал рэспубліканскага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычных аб'яднанняў

Маладая апора краіны



Каманды з розных рэгіёнаў краіны прыехалі, каб пацвердзіць: служыць Радзіме — гэта не толькі даніна традыцыі, але і іх асабісты выбар. 

Агляд пачаўся ў красавіку гэтага года. Каманды прайшлі праз раённы, потым — абласны, а таксама Мінскі гарадскі этапы. Усяго прынялі ўдзел каля 16 тысяч вучняў, якія атрымліваюць дадатковую адукацыю ў аб’яднаннях па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю. Да фінальнага этапу дайшлі 126 чалавек. У праграме мерапрыемства — агляд страявой падрыхтоўкі, канферэнцыя вучняў, конкурс знаўцаў «80 старонак гісторыі Вялікай Перамогі», конкурс творчых прэзентацый «Гадуем патрыётаў».

Усе ўдзельнікі былі настроены рашуча, кожны хацеў перамагчы і праявіць сябе. Вераніка з каманды «Доблесць пакаленняў» (гімназія горада Ляхавічы) прызналася: «Гэтае мерапрыемства для мяне значыць многае. Мы вельмі стараліся пераадолець усе ступені і дайсці да рэспубліканскага этапу. Мы рыхтаваліся вельмі старанна, былі нейкія складанасці, але мы пераадолелі іх. Я лічу, што падобныя актыўнасці заўсёды будуць існаваць у краіне, таму што мы павінны перадаваць памяць новым пакаленням». Прадстаўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар» (г. Бабруйск) пагаджаецца: «Для нас гэта важная падзея. Наогул грамадска-патрыятычнаму выхаванню павінна быць удзелена максімальная ўвага. Хлопцы і дзяўчаты, вядома, хоць і на канікулах, але адгукнуліся з энтузіязмам». Адзін з арганізатараў, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія ЖУР, таксама падзялілася сваімі эмоцыямі: «Я заўсёды з вялікім задавальненнем назіраю, як нашы дзеці прымаюць удзел у такіх ініцыятывах, і працую з імі. Нас напаўняе пачуццё гонару за нашу моладзь і будучыню».

Найлепшым пошукавым аб’яднаннем стала каманда сярэдняй школы № 40 імя М. Громава з Віцебска. У намінацыі «Найлепшае ваенна-патрыятычнае аб’яднанне» перамагла каманда сярэдняй школы № 14 горада Маладзечна. Няма сумневу, што рэспубліканскі агляд-конкурс стаў для юных патрыётаў вельмі каштоўным вопытам, які дапаможа ім у будучыні вызначыць свой жыццёвы шлях. Вядома, хтосьці выкарыстае яго падчас тэрміновай службы ў арміі, хтосьці з іх пойдзе вучыцца ў Ваенную акадэмію. Сёння гэтыя юнакі толькі вучацца дысцыпліне і адказнасці, але ўжо цяпер яны гатовыя быць апорай сваёй краіны, бо гэта было не проста спаборніцтва, а размова маладога пакалення з гісторыяй.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю