Top.Mail.Ru

Сустрэліся тыя, хто шукае, і хто прапануе

У Мінску прайшоў гарадскі кірмаш вакансій



Каля 100 сталічных наймальнікаў прадставілі больш за 10 тысяч вакансій у культурна-спартыўным цэнтры УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Прадпрыемствы аховы здароўя, транспарту, гандлю, прамысловасці і гасцінічна-рэстараннага бізнесу шукалі супрацоўнікаў, а саіскальнікі маглі не толькі даведацца пра ўмовы працы, але і атрымаць ад спецыялістаў кансультацыю па пошуку работы і складанні рэзюмэ. 

Кірмаш вакансій — актуальны 

Як адзначыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько, кірмаш стаў ужо традыцыйным для мінчан. «Важнасць гэтага мерапрыемства цяжка пераацаніць, таму што тут могуць сустрэцца саіскальнікі работы і наймальнікі адначасова. Абгаварыць умовы, падабраць адпаведнае працоўнае месца і намеціць далейшую карту дзеянняў. Мы бачым, што гэты кірмаш вакансій карыстаецца папулярнасцю і прыносіць пэўныя вынікі», — сказаў ён.

Ён падкрэсліў, што другі год запар сітуацыя на рынку працы Мінска паляпшаецца: павялічваецца колькасць занятых у эканоміцы, назіраецца нізкі ўзровень беспрацоўя, а наймальнікі задавальняюць попыт. «Ёсць традыцыйны попыт на пэўныя віды як рабочых спецыяльнасцяў, так і служачых. Патрабуюцца кіроўцы, спецыялісты ў сферы гандлю, аховы здароўя. Шукаюць работнікаў прамысловыя прадпрыемствы і будаўнічыя галіны».

На пытанне, ці ёсць катэгорыі грамадзян, для якіх прадугледжаны асобныя ўмовы, Шуцько адказаў, што на кірмашы прадугледжана восем лакацый, дзе ў тым ліку аказваюць дапамогу ў адкрыцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Дарэчы, тут выставілі свае ўзоры працы прадпрымальнікі, якія пры садзейнічанні службы занятасці з дапамогай субсідый адкрылі сваю справу. Ёсць секцыя па прафарыентацыі, па навучанні, ёсць напрамак, дзе сканцэнтраваны наймальнікі, гатовыя прапаноўваць вакансіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адзначыў Пётр Шуцько.

Па словах старшыні камітэта, такія маштабныя кірмашы для ўсіх катэгорый адбываюцца як мінімум двойчы на год, а на базе сталічнай службы занятасці рэгулярна праводзяцца «Дні прадпрыемстваў», электронныя і міні-кірмашы вакансій, а таксама прафарыентацыйныя мерапрыемствы. А спецыялісты кол-цэнтра прадстаўляюць дыстанцыйныя кансультацыі па пытаннях працаўладкавання.

Актыўна ўключацца ў работу!

Спецыяліст па кадрах ЖЭУ № 1 Савецкага раёна Людміла Харавец расказала, каго сёння шукае прадпрыемства і як яно зацікаўлівае работнікаў. «Нам патрэбны майстар, трактарыст, рабочы па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, дворнікі, рабочы па комплекснай прыборцы, слесар-сантэхнік. Прапануем работу па сумяшчальніцтве — гэта магчымасць працаваць болей і атрымліваюць добрую зарплату», — сказала яна.


Сацыяльны педагог гімназіі № 21 Ангеліна Матэленак прывяла на кірмаш вучняў 9 класа. «Дзеці даведаюцца, куды можна ўладкавацца, дзе знайсці другасную занятасць, чым займацца ў вольны час і як у сваім узросце зарабіць грошы», — расказала педагог.


Генадзь Іваноў, 67-гадовы пенсіянер, даведаўся пра кірмаш з газеты. Ён жыве праз дарогу ад культурна-спартыўнага цэнтра чыгуначнікаў. «Часу ў пенсіянераў шмат, а рабіць няма чаго. А што я, з палачкай ці з мыліцамі хаджу? — кажа з усмешкай. — Яшчэ ў сіле, таму прыйшоў паглядзець, што прапануюць». Мужчына разглядае прапановы на стэндах: «Слесар? Гэта не падыходзіць, напэўна. Электраманцёр — я таксама не буду ім, хоць умею. А вось ахоўнікам можна, у прынцыпе», — разважае пенсіянер.


Студэнтка Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Дар’я Лёля прадстаўляе стэнд БРСМ. Яна расказала, як працуе сістэма студэнцкіх атрадаў: «Прыцягваем моладзь зарабляць самастойныя грошы. А перавага ў тым, што студэнты і школьнікі могуць працаваць у вольны ад вучобы час. Плюс такой занятасці — не вылічаецца падаходны падатак. Прапануем розныя сферы — педагагічныя, сэрвісныя, экалагічныя, будаўнічыя атрады. Моладзь вельмі актыўна ўключаецца. Маладзёжны рух падтрымліваецца нашым Прэзідэнтам. Таму запрашаем усе акадэмічныя атрады паспрабаваць зарабіць першыя грошы і быць на роўных са сваімі аднагодкамі», — сказала дзяўчына.


Гарадскі кірмаш вакансій — гэта не проста мерапрыемства, дзе можна знайсці працу, а яшчэ і пляцоўка, дзе можна атрымаць кансультацыю, паспрабаваць змяніць прафесію або нават адкрыць сваю справу.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю