Мерапрыемства, якое арганізуецца Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (БІСД) і грамадскім аб’яднаннем «Маладзёжная аналітычная супольнасць» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, прайшло ў рамках Беларускага тыдня прадпрымальніцтва і стала фінальным акордам маладзёжнага аналітычнага руху 2026 года. Якія ідэі вынеслі ўдзельнікі на суд экспертнай супольнасці?
Сёння праект жыве і набірае сілу — дарэчы, у гэтым годзе ён упершыню прайшоў у фармаце навукова-аналітычнай канферэнцыі. Каля 300 удзельнікаў і больш за 60 дакладчыкаў прадставілі свае ідэі па пяці ключавых секцыях.
Юныя таленты прадставілі смелыя і глыбока прапрацаваныя даследаванні ў самых розных сферах — ад лічбавай трансфармацыі эканомікі і прамысловай вытворчасці да адукацыі, экалогіі, развіцця турызму і іншых галін.
Напрыклад, адзін з удзельнікаў, магістрант БДУІР і супрацоўнік яго навукова-даследчай лабараторыі Мікіта ЛАРЧАНКА прадставіў праект, прысвечаны будучыні аховы здароўя нашай краіны, яе развіццю да 2035 года. «Беларусь на гэты момант выйграе дзякуючы нізкай цане ў параўнанні з іншымі краінамі. Аднак яна цяпер усё больш адыходзіць на задні план», — растлумачыў Мікіта Ларчанка. Таму трэба павышаць канкурэнтаздольнасць беларускай медыцыны на міжнародным рынку, і рабіць гэта не толькі за кошт цэн на паслугі і прэпараты. Каб адпавядаць новым рэаліям, паводле слоў юнака, трэба ў тым ліку больш смела ўкараняць штучны інтэлект і адаптаваць прававую базу для бяспечнай работы з абязлічанымі базамі медыцынскіх даных.
А пытанні трансфармацыі вышэйшай адукацыі ўзняла на форуме трэцякурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Арына ТОМАШАВА. На думку студэнткі, традыцыйныя фарматы выкладання перастаюць адпавядаць запытам часу, а імклівы рост аб’ёмаў інфармацыі патрабуе прынцыпова іншых падыходаў да падачы матэрыялу. «Ранейшая форма навучання ўжо састарэла. Тэхналогіі развіваюцца занадта хутка, і студэнтам даводзіцца засвойваць каласальную колькасць інфармацыі, таму непазбежна прыходзіцца прыдумляць і ўкараняць новыя, інтэрактыўныя метады. Упэўнена, менавіта за імі будучыня», — перакананая дзяўчына.
Шэраг каманд засяродзіўся на тэме лічбавізацыі і лічбавых тэхналогій, такіх актуальных у наш час. Напрыклад, студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Паліна КАЎЦЭВІЧ і студэнт БДУ Даніла ЧУВАК у складзе сваёй каманды працавалі над такім праектам каля двух месяцаў: займаліся даследаваннем зручнасці выкарыстання сайта адзінага партала электронных паслуг «Е-паслуга», прагназаваннем попыту, фарміраваннем спіса найбольш запатрабаваных паслуг. Правялі нават апытанне, у якім паўдзельнічала больш за 200 рэспандэнтаў: «Удзельнікі нашай каманды маюць розную кваліфікацыю і спецыялізацыю, таму і адказвалі за розныя кірункі, — падзяліўся нюансамі каманднай работы Даніла Чувак. — Напрыклад, адны аналізавалі міжнародны вопыт, другія займаліся тэхнічным разборам сайта, распрацоўкай яго новага інтэрфейсу».
Паводле слоў арганізатараў, па выніках форуму плануецца выданне зборніка навукова-аналітычных работ, а таксама прапрацоўка асобных прапаноў моладзі для іх далейшай рэалізацыі ў рамках аналітычнага руху.
Даслоўна
Вітаючы ўдзельнікаў, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй КУНЦЭВІЧ акцэнтаваў увагу на тым, што форум за апошнія гады ператварыўся ва ўстойлівую сістэму з уласнымі традыцыямі і рэпутацыяй. Звяртаючыся да моладзі, ён адзначыў: «Вы — не проста аўдыторыя, вы — частка кіраўніцкай сістэмы краіны. Ужо заўтра вашы работы могуць перастаць быць проста дакладамі і пачнуць уплываць на развіццё нашай Беларусі, ператворацца ў канкрэтныя прапановы і рашэнні. Пяць секцый форуму — гэта, па сутнасці, пяць найважнейшых кірункаў, па якіх дзяржаве неабходны новыя ідэі і прапановы».
Аміна НАЗАРАВА