Top.Mail.Ru

У Мінску прайшоў Х з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

У прывітанні, якое дэлегатам з’езда накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адзначаецца, што гэта сапраўды маштабны форум, які аб’ядноўвае беларусаў усіх прафесій і працягвае найлепшыя традыцыі прафсаюзнага руху. «Сёння Федэрацыя робіць значны ўнёсак ва ўмацаванне суверэннай і незалежнай Беларусі, адстойвае прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і роўнасці ў новай мадэлі грамадскага развіцця. Вырашэнне працоўных спрэчак, дапамога ў стварэнні належных умоў працы, удасканаленне заканадаўства ў інтарэсах чалавека працы забяспечылі вам высокі давер нашых людзей», — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама выказаў перакананне, што ў аб’яўленай пяцігодцы якасці аўтарытэт Федэрацыі дасць магчымасць і ў далейшым паспяхова абараняць правы працоўных, павышаць якасць іх жыцця, захоўваць адзінства і згоду на роднай зямлі.


Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, які зачытаў гэта прывітанне, ад сябе падкрэсліў, што ўнёсак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў згуртаванне беларускага грамадства велізарны. Асабліва ён праявіўся падчас электаральнай кампаніі, калі ФПБ не толькі аб’яднала работнікаў розных сфер, але і арганізавала Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі, актыўна ўдзельнічала ў культурных і грамадскіх акцыях, такіх як «Марафон адзінства».

Старшыня ФПБ Юрый Сянько ў сваім выступленні звярнуў увагу на аб’яўленую ўказам кіраўніка дзяржавы пяцігодку якасці.
Усе пытанні, абазначаныя ў адпаведным указе кіраўніка дзяржавы, непасрэдна датычацца прафсаюзаў, таму што ў поўнай меры адпавядаюць статутным задачам, адзначыў Юрый Сянько. «У сувязі з гэтым нам неабходна ўзмацніць якасны складальнік нашай работы і вызначыць новыя кірункі ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі для дасягнення мэт, якія сёння стаяць перад нашай краінай», — сказаў ён.

Патрэбныя новыя фарматы работы па павышэнні прадукцыйнасці і якасці працы, адзначыў Юрый Сянько. Паводле яго слоў, ёсць ужо правераныя часам інструменты і механізмы ў гэтым кірунку. Гэта стымуляванне людзей праз спецыяльныя нормы ў калдагаворах, правядзенне конкурсаў прафмайстэрства, заахвочванне найлепшых работнікаў. «Але трэба шукаць і новыя фарматы сумеснай з сацыяльнымі партнёрамі работы па павышэнні прадукцыйнасці і якасці працы, падтрымцы ініцыятывы людзей, удасканаленні падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку з улікам укаранення новых тэхналогій», — сказаў кіраўнік ФПБ.

У гэтай рабоце вялікая роля маладых актывістаў. «Разумеючы, чым жыве моладзь, мы абавязаны максімальна задзейнічаць усіх актывістаў у жыцці і развіцці нашых прадпрыемстваў. Наша мэта — дапамагчы маладым людзям рэалізаваць свой патэнцыял менавіта ў сваёй краіне», — адзначыў Юрый Сянько.

Дасягнуць гэтай мэты разавымі акцыямі, у якіх удзельнічаюць адны і тыя ж прафактывісты, немагчыма, упэўнены старшыня ФПБ. Прымаюцца меры для таго, каб на справе дайсці да кожнага маладога спецыяліста, да кожнага маладога работніка.

Юрый Сянько адзначыў добрыя напрацоўкі па сістэме настаўніцтва. Аднак ёсць і прыклады фармальнага падыходу ў гэтым пытанні, калі маладыя людзі на прадпрыемстве не знаходзяць падтрымкі, не бачаць цікавасці з боку прадпрыемства да сваіх ініцыятыў. Часам настаўніцтва расцэньваецца выключна як навучанне тэхнічным працэсам. «Але гэта не толькі перадача прафесійнага вопыту, але і фарміраванне адказных адносін да сваёй справы, гонару за сваё прадпрыемства і краіну ў цэлым», — падкрэсліў Юрый Сянько.

Закрануў кіраўнік ФПБ і актуальную тэму калектыўных дагавораў. Паводле яго слоў, у гэтым кірунку ёсць вынікі, якімі можна ганарыцца. Напрыклад, толькі ў мінулым годзе ў арганізацыях і на прадпрыемствах упершыню было заключана звыш 600 калектыўных дагавораў (ці, як называюць іх прафсаюзы, «мясцовых канстытуцый»). Будзе далейшае напаўненне калдагавораў дадатковымі нормамі і гарантыямі, звярнуў увагу Юрый Сянько, што дае магчымасць не толькі падтрымаць людзей, але і матываваць іх на больш якасную і дзейсную работу, вырашаць пытанні па развіцці вытворчасці, што ў роўнай ступені важна як для наймальнікаў, так і для ўрада.

Разам з тым ён адзначыў, што па-ранейшаму ёсць сітуацыі, калі асобныя кіраўнікі, перш за ўсё прыватных арганізацый, зацягваюць або зусім адмаўляюцца ад падпісання калектыўнага дагавора. Такі падыход, як правіла, матывуецца тым, што ў заканадаўстве нормы аб заключэнні калектыўнага дагавора носяць рэкамендацыйны характар.

Таму ФПБ выступае з ініцыятывай па ўдасканаленні заканадаўства. «Па нашай ініцыятыве ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, ухваленую Усебеларускім народным сходам, быў унесены тэзіс аб неабходнасці павышэння сацыяльнай адказнасці бізнесу. Тым самым замацавана норма аб тым, што не толькі органы дзяржкіравання, але і бізнес нясе адказнасць за забеспячэнне стабільнасці ў працоўных калектывах, за дабрабыт чалавека працы», — сказаў Юрый Сянько. Наступным крокам ён назваў унясенне ў Працоўны кодэкс нормы, якая ўстанаўлівае дакладныя тэрміны падпісання калектыўнага дагавора.


У рамках з’езда было падпісана Генеральнае пагадненне паміж урадам Беларусі, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2025–2027 гады. Таксама дэлегаты з’езда аднагалосна перавыбралі Юрыя Сянько старшынёй ФПБ на новы пяцігадовы тэрмін.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю