— Тры гады таму мы ўпершыню правялі мерапрыемства «Чай для гармоніі міру» на гэтай плошчы. І сёння сустракаем ужо чацвёртае такое свята. Водар чаю з кожным годам становіцца ўсё больш насычаным, а кола сяброў пашыраецца — і гэта жывое сведчанне гуманітарных абменаў, якія бесперапынна паглыбляюцца паміж Кітаем і Беларуссю. У апошнія гады, дзякуючы стратэгічнаму кіраўніцтву Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, кітайска-беларускія адносіны працягваюць упэўнена развівацца на высокім узроўні. Адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю — гэта не проста словы, яны канкрэтныя і па-сапраўднаму жывыя. Яны праяўляюцца і ў кожнай сустрэчы кіраўнікоў нашых дзяржаў, і прама сёння — на гэтай плошчы, у патоку людзей і ў водары чаю, якія напаўняюць усё навакол, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю.

Кітай — радзіма чаю. Тры тысячы гадоў таму ў Паднябеснай ужо апрацоўвалі чайны куст. А ў VIII стагоддзі пісьменнік і мудрэц Лу Юй стварыў «Чайны канон» — першую ў свеце працу, прысвечаную чайнаму мастацтву. Чай стаў неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця, рытуалаў і духоўнага свету кітайцаў.
— Чайная цырымонія і філасофія чаю, знаёмыя нам сёння, — гэта жывая спадчына. Разважлівая, спакойная — і пры гэтым валодае дзіўнай сілай, — заўважыў Чжан Вэньчуань. — У Кітаі здаўна кажуць: «частуй чаем госця», «праз чай здабывай сяброў». У аснове гэтага ляжыць гармонія — гармонія з Небам, гармонія з Зямлёй, гармонія паміж людзьмі. Прастата, мяккасць і стрыманасць чаю — гэта ўвасабленне гармоніі і інклюзіўнасці. Чай як шлях да гармоніі міру — гэта імкненне да адзінства ў разнастайнасці і мірным суіснаванні. Камусьці па душы чорны чай, камусьці — зялёны, але ў паднятым кубку заўсёды ёсць месца павазе да іншага. У гэтым — кітайская філасофія жыцця. І гэты прынцып варты таго, каб краіны пераймалі яго адна ў адной. Чай — гэта маўклівы, але чулы пасярэднік. Больш за дзве тысячы гадоў таму, ідучы па Вялікім шаўковым шляху, ён дасягнуў Цэнтральнай Азіі і Еўропы, а ў XV стагоддзі па Марскім шаўковым шляху дабраўся да Паўднёва-Усходняй Азіі.

Паднябесная і цяпер па праву лічыцца глабальным чайным «заканадаўцам мод». Нездарма ў лістападзе 2022 года кітайскія традыцыйныя тэхналогіі прыгатавання чаю і звязаныя з імі звычаі былі ўключаны ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Фестываль «Чай для гармоніі міру» арганізаваны Міністэрствам культуры і турызму Кітайскай Народнай Рэспублікі, пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь і Мінгарвыканкамам. Сёлета да нас завіталі сябры з правінцыі Хэнань. У Верхнім горадзе з аншлагам прайшоў гала-канцэрт з удзелам артыстаў Хэнаньскай оперна-танцавальнай групы, Хэнаньскай акрабатычнай групы і Шааліньскага цэнтра баявых мастацтваў. Гэтыя калектывы ўпершыню выступілі ў Мінску. Яны аб’ездзілі з гастролямі мноства краін свету, заваёўваючы сабе славу і рэпутацыю ўзорных калектываў. Спецыяльна для канцэрта ў Беларусі артысты адабралі тыя нумары, якія лепш за ўсё дэманструюць характар і каларыт іх мясцовасці: шааліньскае ушу, акрабатыка найвышэйшага ўзроўню, народныя танцы, нацыянальная музыка і многія іншыя віды мастацтва. Разам з Дзяржаўным акадэмічным ансамблем танца Беларусі і Харэаграфічным ансамблем «Харошкі» госці з Паднябеснай падрыхтавалі два ўнікальныя сумесныя прадстаўленні.
— Разам з Кітаем мы не толькі выбудоўваем дзелавыя адносіны, але і развіваем культуру. Мінчане рады гасцям, і гэта яшчэ адзін паказальны прыклад таго, што ў нашай сталіцы адкрыты да новага, — адзначыў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Камендант. — Бо любы абмен, культурны ці эканамічны, працуе на карысць нашых народаў. У гэтым плане Кітай застаецца для нас адным з галоўных партнёраў. Кожны рэгіён Беларусі, і Мінск у тым ліку, замацаваны за асобнымі правінцыямі. І прыемна адзначыць, што ў нас ёсць прамое злучэнне з нашымі партнёрамі. Чай — гэта не толькі старажытны напой. Ён таксама неад’емны элемент культуры Паднябеснай, сімвал міру і дабрыні. Таму веру, што сёння кожны стане крыху бліжэй да кітайскіх традыцый і адзін да аднаго.

Культурны Цэнтр у Мінску і 4 Інстытута Канфуцыя (БДУ, МДЛУ, БНТУ, БДУФК) з дапамогай майстар-класаў прапанавалі гасцям фэсту глыбей пагрузіцца ў кітайскую культуру, даведацца больш пра яе асаблівасці і асабіста паспрабаваць сябе ў нейкіх сферах мастацтва. Напрыклад, сярод усяго іншага былі прадстаўлены каліграфія, жывапіс, баявыя мастацтвы і тайцзі, выразанне з паперы, гравюра.
У мінчан і гасцей сталіцы з’явілася магчымасць ацаніць чай з правінцыі Хэнань, гісторыя якога налічвае сотні гадоў. Прапанавалі і традыцыйныя кітайскія пачастункі — пяльмені, шашлычкі, смажаны рыс па-янчжоўску, бабл-ці, а таксама цзунцзы (рысавыя піражкі ў бамбукавым лісці). Можна было пазнаёміцца з унікальнымі ўзорамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны правінцыі Хэнань — выпальванне па гарбузу-гарлянцы, кайфэнскія навагоднія гравюры, пацешныя вырабы з тыграм «Ваньфу».

— Для нас гэтае мерапрыемства — як вялікае свята. Чай неад’емная частка паўсядзённага жыцця кітайцаў і нават цэлая філасофія, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — І ў аснове культуры яго ўжывання ляжыць гармонія. Таму сёння мы хочам паказаць дружалюбнаму беларускаму народу імкненне Кітая да адзінства ў разнастайнасці і мірным суіснаванні.
Мяркуючы па ўсмешках і агульнай атмасферы гармоніі, якая ахінула сталічную плошчу Свабоды, гэта ўдалося. Далёкая кітайская правінцыі Хэнань гэтым сонечным летнім днём стала бліжэй да беларускай сталіцы. Бо даўно вядома, што адлегласць для шчырага сяброўства зусім не перашкода.

Мікалай Літвінаў
Фота Яўгена Пясецкага