Мерапрыемства, арганізаванае Беларускім саюзам жанчын, НАН Беларусі, Міністэрствам адукацыі, Мінскім гарадскім і абласным выканаўчымі камітэтамі, сабрала ў Акадэміі навук у літаральным сэнсе ўсю прыгажосць беларускай навуковай супольнасці — цудоўных і разумных служыцельніц навукі.
Ад космасу да фармацэўтыкі
На форуме прагучала нямала цёплых слоў у адрас беларускіх жанчын, у тым ліку ад Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ і Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара СЕРГЯЕНКІ.
— Тут сабраліся тыя, хто сваім талентам, карпатлівай працай і вернасцю прызванню штодня ўзбагачае айчынную і сусветную навуку, — вітала ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Вольга ЧУПРЫС.
.jpg)
Значная роля жанчыны ў грамадстве і навуцы прызнаецца на самым высокім узроўні, падкрэсліла яна:
— Няма тых вышынь, якіх не дасягнулі б вы, беларускі, — гэта словы нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія жанчыны-навукоўцы ўжо даказалі, што ім па плячы любыя задачы — ад фундаментальных даследаванняў космасу і распрацоўкі ўнікальных лекаў да фарміравання дактрыны моцнай сацыяльнай палітыкі.
Кожная пятая жанчына-даследчык адносіцца да катэгорыі маладых навукоўцаў. Гэта, на думку Вольгі Чупрыс, велізарны інтэлектуальны рэсурс:

— Ключавой асаблівасцю жаночай дзейнасці з’яўляецца гарманічнае спалучэнне строгай логікі і чулай інтуіцыі, глыбокіх ведаў, душэўнага цяпла, маштабных адкрыццяў і клопату пра блізкіх. Гэтыя якасці дапамагаюць у пошуку нестандартных рашэнняў для стварэння тэхналогій, якія ў выніку служаць чалавеку.
Важна і тое, што жанчыны здольныя рабіць не толькі значныя адкрыцці, кіраваць навуковымі калектывамі, але і беражліва перадаваць свой вопыт моладзі, выхоўваць новае пакаленне беларускіх навукоўцаў, адзначыла Вольга Чупрыс.

Вельмі істотным назваў уклад жанчын у навуку старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір КАРАНІК:
— Практычна па ўсіх кірунках жанчыны-навукоўцы не саступаюць мужчынам. І нават па тых кірунках, якія спрадвечна лічыліся мужчынскімі, — гэта фізіка, хімія, матэматыка, — 40 працэнтаў даследаванняў праводзяць жанчыны. Толькі ў Нацыянальнай акадэміі навук такіх навуковых супрацоўнікаў ужо 50 працэнтаў. Жанчыны праводзяць навуковыя даследаванні ў галіне адукацыі, літаратуры, культуры і мастацтва, іх становіцца ўсё больш у такіх сферах, як медыцына і біятэхналогіі.

Па словах Уладзіміра Караніка, у жанчын-навукоўцаў — велізарны патэнцыял. І ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб ён раскрыўся і быў рэалізаваны ў поўнай меры. А яшчэ старшыня Прэзідыума НАН канстатаваў, што прысутнасць прыгожай паловы чалавецтва ў навуцы — гэта выдатна. Таму што жанчына і тут застаецца жанчынай — яна дысцыплінуе, яна натхняе на новыя сэнсы.
Зямля шчодрая на таленты
— Мы ўпершыню праводзім форум жанчын-навукоўцаў пад эгідай БСЖ, — сказала старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ. — Наша зямля заўсёды была зямлёй талентаў. Тут заўсёды нараджаліся людзі, для якіх веды станавіліся не проста прафесіяй, а сэнсам жыцця, людзі з імкненнем пазнаваць, ствараць і перадаваць свае веды наступным пакаленням. Сярод іх нямала жанчын, якія ў розныя эпохі даказвалі: талент не ведае межаў, а імкненне да ведаў здольнае апярэджваць свой час. І хай гэта працягваецца!
.jpg)
Сінтэз вопыту і маладосці
Доктар біялагічных навук, прафесар Эмілія КАЛАМІЕЦ — адзіная на дадзены момант у Беларусі жанчына-акадэмік НАН. Яна кіруе распрацоўкамі эфектыўных мікрабіялагічных сродкаў абароны раслін і вывучае біялагічна актыўныя злучэнні. Эмілія Іванаўна ўзначальвае Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі». У прафесіі яна больш за паўстагоддзя, і за гэты час стварыла сучасную школу мікрабіёлагаў. Пра навуковую моладзь акадэмік Каламіец адклікаецца з вялікай цеплынёй:

— У нас выдатная, вельмі выдатная моладзь. Я бачу, наколькі моцна маладыя людзі любяць навуку, наколькі захоплена яны займаюцца ёю. Вельмі актыўныя і заўсёды рухаюцца наперад. У апошнія гады мы заўважаем, наколькі высока падняўся ўзровень ведаў у выпускнікоў ВНУ. Як і тое, што да нас выпадковыя маладыя людзі не прыходзяць — яны мэтанакіраваныя і матываваныя. Таму дапамагаць ім пракладаць свой шлях у навуку — адно задавальненне.
.jpg)
* * *
Работа па секцыях праходзіла як на пляцоўцы НАН, так і ў БДУ. Навукоўцы абмеркавалі такія сучасныя кірункі, як «Жыццё ў дэталях: біямедыцына і біятэхналогіі», «Матэрыялы будучыні і тэхналогіі», «Лічбавы сусвет», «Лічбавы прагрэс без маральнай дэградацыі: роля гуманітарных навук», «Сацыяльныя навукі: падмурак устойлівага жыцця» і іншыя.
.jpg)
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД