У рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшоў сімпозіум «Пісьменнік і час: Агульная гуманітарная прастора СНД як спосаб супрацьстаяння выклікам сучаснасці». Ён сабраў пісьменнікаў і выдаўцоў Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана і іншых краін СНД.
Адкрываючы сустрэчу, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч звярнуў увагу, што сімпозіум дае магчымасць больш даведацца пра працэсы, якія адбываюцца ў культурнай прасторы розных краін, вызначыць ролю літаратуры, яе каштоўнасны патэнцыял у пераадоленні глабальных выклікаў, абмеркаваць канцэптуальныя пытанні, прыярытэтныя кірункі і формы супрацоўніцтва, адзначыць важнасць захавання цывілізацыйных і духоўных сувязяў народаў СНД.
У прывітальным слове намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзяніс Езерскі падкрэсліў, што нягледзячы на неспакойную сітуацыю ў свеце, застаюцца рэчы, якія дазваляюць творчым асобам збірацца, абмяркоўваць праблемы і гаварыць пра тое, што сапраўды важна — пра мір і будучыню. Ён заўважыў, што невыпадкова сярод галоўных тэм выстаўкі і сімпозіума — 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў: «Доўгі час мы знаходзіліся ў адзінай дзяржаве. Гэта была тая аснова, дзякуючы якой мы гаварылі на адной мове, разумелі адно аднаго, і самае галоўнае — цанілі каштоўнасці, блізкія кожнаму з нашых народаў, тое, на чым павінна трымацца чалавецтва». Мінская пляцоўка якраз дае магчымасць вызначыць дакладныя пазіцыі, як развіваць літаратуру і што праз яе даносіць падрастаючым пакаленням, а таксама наладжваць сувязі паміж літаратарамі, запускаць новыя сумесныя праграмы.

Дзяніс Езерскі заўважыў, што спецыяльна да выстаўкі Мінінфармацыі і дзяржаўныя выдавецтвы падрыхтавалі прэзентацыя такіх выдавецкіх праектаў, як «Казкі народаў СНД» і пераклады твораў класікаў беларускай літаратуры на мовы народаў з краін Садружнасці.
Сярод арганізатараў сімпозіума — Міжнародны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Арганізацыя шмат робіць для развіцця культурных сувязяў. Адзін з яе праектаў — «Кнігі ў падарунак», калі бібліятэкам краін СНД перадаюцца камплекты, у якіх ёсць як класічная літаратура, так і навінкі. Кіраўнік аддзела падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД Тамара Насенка заўважыла, што кожны пісьменнік робіць важны ўнёсак у стварэнне жывога слова, праз якое перадаюцца агульначалавечыя каштоўнасці, маральнасць, дабрыня, што сёння асабліва важна.
Удзельнікі сімпозіума згадалі пра такі важны сумесны праект, як выданне анталогій прозы, паэзіі і дзіцячай літаратуры краін СНД. Калі ў савецкі час у чытачоў была магчымасць знаёміцца з творчасцю лепшых аўтараў з розных рэспублік, то пасля распаду СССР на 25-30 гадоў такія сувязі былі парушаны. У той жа час літаратурны працэс не спыняўся, пісьменнікі розных рэспублік працягвалі пісаць, і сёння дзякуючы сумесным праектам, у чытачоў ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучасных аўтараў краін СНД.

Як расказаў кіраўнік Дэпартамента і дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый РФ Уладзімір Грыгор’еў гэты праект будзе развівацца: пабачаць свет новыя выпускі анталогіі літаратуры краін СНД. У планах таксама — стварэнне лічбавай платформы, дзе можна будзе размяшчаць як пераклады і арыгінальныя тэксты аўтараў краін — удзельніц Садружнасці, так і навін, якія адлюстроўваюць літаратурныя працэсы, што адбываюцца ў розных краінах.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ